Двігалёў: Беларусь спыніла ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Украінай


Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай спынена. Афіцыйная прычына – статус Менска як пляцоўкі па мірным урэгуляванні канфлікту на Данбасе.

Пра гэта заявіў у сераду ў Менску старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Алег Двігалёў, перадае «Інтэрфакс-Украіна».

«З Украінай у нас узаемадзеянне ў гэтай галіне скарочана, не рэалізуецца, паколькі мы павінны разумець, што Беларусь – гэта, перш за ўсё, пляцоўка па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. Мы не ствараем дадатковых праблем і пытанняў », – цытуе выданне словы Двігалёва.

«Нельга дапусціць, каб гэтая сітуацыя (ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва) магла неяк выкарыстоўвацца не ў нашых інтарэсах», – дадаў ён.

У Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі belsat.eu пацвердзілі факт спынення ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Украінай, аднак звярнулі ўвагу на тое, што яно было замарожанае каля двух гадоў таму.

«Так, сапраўды, Алег Двігалёў гэта казаў. Але мелася на ўвазе, што супрацоўніцтва з Украінай ў гэтай сферы было спынена з пачаткам антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе і набыццём Менскам статусу пляцоўкі для перамоваў», – сказалі ў прэс-службе ВПК.

Пры гэтым у ведамстве адзначаюць: да вайны такія пастаўкі кантралявала адмысловая камісія, працэс рэгуляваўся міжурадавым пагадненнем, але ўжо «некалькі гадоў камісія не збіраецца».

У сваю чаргу, крыніца, блізкая да ўкраінскай выведкі, паведаміла ў Кіеве журналістам праграмы «Прасвет на Белсаце», што Беларусь без праблем ажыццяўляла пастаўкі тэхнікі падвойнага прызначэння ва Украіну цягам апошніх гадоў. Аднак у снежні мінулага году, паводле слоў крыніцы, украінскі бок не змог набыць цягачы і калёсныя базы, тэндэр на закупку быў адменены. Як сцвярджае наш суразмоўца, пастаўка была сарваная па віне Менску, «праз негалосную забарону з боку КДБ», хаця тэхніку планавалі набыць для патрэбаў Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў, а не для Узброеных сіл.

Кіраўнік украінскай валанцёрскай арганізацыі «Мір і Ко», удзельнік АТА Міраслаў Гай распавёў, што з Беларусі паступалі прыцэлы для снайперскіх вінтовак СВД, цеплавізары, прыборы начнога бачання.

Акрамя таго Міраслаў Гай сцвярджае, што Украіна набывала беларускае паліва для авіяцыі, а таксама рамантвала ў Беларусі свае верталёты. Хутчэй за ўсё, ён мае на ўвазе паслугі Аршанскага авіярамонтнага заводу.

У Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі ў каментары belsat.eu зняпраўдзілі ў тым ліку звесткі датычна паставак авіяцыйнага паліва і рамонту ўкраінскіх верталётаў.

***

У экспертнай супольнасці існуюць дзве кропкі погляду на пытанне аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве Беларусі з Украінай. Адны (напрыклад, украінскі палітолаг Ігар Тышкевіч) лічаць, што гэты аспект гандлю перажывае росквіт, іншыя мяркуюць, што ён прыйшоў у заняпад пасля пачатку вайны на Данбасе.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў