Беларус спрабаваў вывезці з Украіны патроны і ампулы з невядомым рэчывам


У пункце пропуску «Даманава» ўкраінскія памежнікі выявілі ў грамадзяніна Беларусі пакунак з 114 патронамі з гумовымі кулямі, адным патронам 7,62 мм і шасцю ампуламі з невядомым рэчывам.

Пра гэта паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, перадае Espreso.tv.

«Мужчына ехаў рэйсавым аўтобусам «Ковель – Берасце» ў якасці пасажыра. Падчас праверкі дакументаў праваахоўнікі адразу заўважылі, што ён моцна хвалюецца. Таму памежна-мытная аглядная група праверыла ягоныя рэчы і месца, на якім сядзеў пасажыр. У выніку праверкі было выяўлена пакет з 114 патронамі 9 мм з гумовымі кулямі, адзін патрон 7,62 мм і шэсць ампул з невядомым рэчывам. Аб паходжанні прадметаў беларус патлумачыў, што патроны, якія выявілі паміж сядзеннямі, ён вёз на продаж, а астатнія прадметы нібыта знайшоў», – гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначаюць памежнікі, прававое рашэнне ў дачыненні да парушальніка будзе прынята пасля складання дакументаў і правядзення экспертызы.

МЯ, belsat.eu, паводле espreso.tv

Стужка навінаў