«Belarus Security Blog»: Беларусь і Расея паступова апынаюцца ў рознай вайскова-палітычнай рэчаіснасці


Беларускія вайсковыя аналітыкі звяртаюць увагу на «пахаладанне» у стасунках Менску з расейскімі партнёрамі.

Эксперты спасылаюцца на змяншэнне колькасці вайсковых кантрактаў у дачыненнях Расеі і Беларусі. З 2014 года іх колькасць упала з 50 да 20-ці ў 2016-ым.

«Узаемадзеянне паміж беларускімі вайскоўцамі і іхнымі калегамі з краінаў НАТО не зʼяўляецца прыкметай нейкага геапалітычнага развароту. Развіццё кантактаў Беларусі з Захадам у галіне абароны і бяспекі зʼяўляецца працэсам аднаўлення нармальнасці: з пяці суседніх з Беларуссю краінаў тры зʼяўляюцца членамі НАТО, а яшчэ адна (Украіна) хоча ўступіць у Альянс. У гэтых умовах развіццё дыялогу не толькі на двухбаковым узроўні, але і ў фармаце Беларусь-НАТО зʼяўляецца неабходным», – гаворыцца ў справаздачы «Belarus Security Blog» (BSB).

Паводле BSB, на Захадзе Беларусь успрымаюць як цалкам залежную ад Масквы і таму абмеркаванне «важных пытанняў з уладамі Беларусі не мае сэнсу».

У справаздачы таксама адзначаецца, што Менск спрабуе паказаць Маскве сваю самастойнасць, публікуючы Мемарандум аб супрацы ў галіне вайскова-прамысловага комплексу з Кітаем праз паўтары гады пасля ўступлення гэтай дамовы ў сілу. Дакумент быў апублікаваны напярэдадні візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву.

Мікола Статкевіч: Беларускае войска не гатовае да вайны з Расеяй. Мы безабаронныя

BSB звяртае ўвагу і на магчымую спробу дыскрэдытаваць Менск падчас будучых вучэнняў «Захад-2017», якія пройдуць на тэрыторыі нашай краіны. Чакаецца, што ў Беларусь прыедуць расейскія вайскоўцы ў колькасці «звыш мотастралковай дывізіі».

«Гэта можа быць элементам псіхалагічнага ціску на афіцыйны Менск, дэманстрацыяй чаканняў Крамля далейшага пашырэння супрацы з Беларуссю ў сферы абароны. Аж да размяшчэння расейскай ваеннай базы ў нашай краіне. Паведамленне пра запланаваным росце ваенных перавозак з Расеі ў Беларусь можна разглядаць і ў якасці спробы дыскрэдытацыі беларускіх уладаў, дэманстрацыі іх залежнасці ад Масквы ў пытаннях бяспекі», – адзначаюць эксперты.

Нагадаем, што паводле тэндэрных дакументаў на сайце дзярзакупак my-tender.ru, у 2017 годзе Міністэрства абароны Расеі плануе адправіць у Беларусь і з Беларусі 4162 вагоны з войскамі ды іншымі грузамі.

Новы ўказ Лукашэнкі: легалізацыя «зялёных чалавечкаў» ці звычайная практыка?

ЮВ, belsat.eu, паводле bsblog.info

Стужка навінаў