Беларус Саша Філіпенка ўвайшоў у шорт-ліст расейскай літаратурнай прэміі «Вялікая кніга»


Агулам за перамогу пазмагаюцца 11 пісьменнікаў, сярод якіх таксама Людміла Уліцкая, Сяргей Салаух, Аляксей Іваноў ды іншыя. Імёны трох фіналістаў прэміі абвесцяць на ўрачыстай цырымоніі ў снежні сёлета.

Саша Філіпенка ўдзельнічае ў конкурсе са сваім трэцім раманам «Цкаванне». У новай кнізе аўтар апісвае пераслед незалежнага журналіста ў сучаснай Расеі. Прэзентацыя «Цкавання» ўжо адбылася ў Беларусі ды Расеі.

Пісьменнік і журналіст, лаўрэат «Рускай прэміі» 2014 году Саша Філіпенка працаваў на «Першым канале», у тым ліку пісаў сцэнары да праграмаў ««Прожекторпэрисхилтон», «Мультличности», «YestardayLive». Цяпер з’яўляецца вядоўцам тэлеканалу «Дождж», піша для часопісаў «Сноб» і «GQ». Адзін з маштабных праектаў журналіста – тэлешоу «Вячэрні Герасімец».

Нацыянальную прэмію «Вялікая кніга» заснавалі ў 2005 годзе Цэнтр падтрымання айчыннай славеснасці. Яе прызавы фонд з’яўляецца найбуйнейшым сярод літаратурных узнагарод Расеі і краін СНД. Грашовы эквівалент першай прэміі складае 3 млн рублёў (45 тысяч долараў), другі – 1,5 млн рублёў, трэці – 1 млн рублёў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў