Беларусь робіць рэверанс у бок Вашынгтону


Беларусь і ЗША гатовыя да нармалізацыі двухбаковых дачыненняў, заявіў 25 красавіка падчас цырымоніі адкрыцця памятнай дошкі амерыканскай працаўніцы ААН Рут Ўолер у менскай сярэдняй школе № 130 кіраўнік беларускага вонкавапалітычнага ведамства Уладзімір Макей.

https://youtu.be/1YWw7CSRKw4

Удзел у цырымоніі таксама ўзяў удзел часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роўланд. Паводле яго, ёсць верагоднасць, што ўжо ў 2016-м можа развязацца пытанне ўзаемнага вяртання амбасадараў.

«Абодва бакі гатовыя да поўнай нармалізацыі дачыненняў. Мы маленькая краіна, і мы разумеем, якую ролю граюць ЗША ў свеце», – заявіў Уладзімір Макей.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць вяртання ў Менск амбасадара ЗША Скот Роўланд, адзначыў: «Гэта, вядома, было б вельмі добрым крокам наперад. Я спадзяюся, што сёлета гэта можа быць тэмай для абмеркаванняў з Міністэрствам замежных спраў Беларусі».

У адказ на гэта Макей сказаў: «Я магу вам прадаць маленькі сакрэт: на адной з апошніх сустрэчаў з нашымі амерыканскімі партнёрамі наш прэзідэнт сказаў спадару Роўланду: «Дык давайце мы вас прызначым амбасадарам!» На жаль, гэта залежыць не ад нас, але мы працуем над тым, каб у бліжэйшай будучыні мы мелі магчымасць для паўнавартаснага, поўнафарматнага дыялогу на ўзроўні амбасадаў».

У сакавіку 2008 года колькасць працаўнікоў амбасады ЗША ў Менску было скарацілі на патрабаванне беларускага боку з 35 чалавек да пяці. Гэта адбылося пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцыяў у дачыненні дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім» у сувязі з парушэннямі правоў чалавека. Крыху пазней пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацыяў, а Менск на патрабаванне беларускага боку пакінула амбасадарка Кэрэн Ст’юарт.

У 2014 годзе беларускі бок дазволіў павялічыць штат амбасады ЗША з пяці да шасці чалавек, пасля чаго амерыканскае дыпламатычнае прадстаўніцтва пашырыла спіс візавых паслуг для грамадзянаў Беларусі.

У лютым гэтага года Скот Роўланд выказаў надзею на тое, што пытанне пра пашырэнне штату амерыканскай амбасады ў Менску будзе развязанае цягам года. Ён падкрэсліў, штопытанне аднаўлення паўнавартаснай працы амбасады ЗША ў Беларусі «абмяркоўваецца і ў Вашынгтоне, і ў Менску».

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by, belta.by

Глядзі таксама
Каментары