Беларусь развіталася з Юрыем Хадыкам

video

Малітвы, успаміны, кветкі. Развітацца з Юрыем Хадыкам у Грэка-каталіцкі цэнтр у Менску прыйшлі самыя розныя людзі. Пісьменнікі, навукоўцы, знаўцы беларускай культуры, палітыкі казалі сёння пра вялікую страту,

«Гэта быў чалавек ад якога можна была заўсёды чакаць падтрымкі, парады. Гэта быў чалавек заўсёды гатовы на мужны і адказны ўчынак», – узгадваў паэт і пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Жыццёвы шлях

Выбітны беларускі фізік, прафесар. Выдаў больш як паўтары сотні навуковых працаў. У савецкія часы Юры Хадыка належаў да навукоўцаў, якія ўваходзілі ў групу даследчыкаў у сферы абароннага комплексу. У сярэдзіне сямідзясятых ён узначаліў секцыю аптычна-электронных сродкаў выведкі ў камісіі Акадэміі навук СССР.

«Ён быў вельмі высока ацэнены ў тыя часы ў навуковай сферы. Ён меў і ступень доктара і званне прафесара. На савецкія ўяўленні ён належаў да навуковай эліты», – распавядае былы кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Праграма «Гарачы каментар» з паплечнікам Юрыя Хадыкі, апазіцыйным дзеячам Вячаславам Сіўчыкам:

Найлепшы мастацтвазнаўца і культуролаг

Як кажуць сябры і паплечнікі Юрыя Хадыкі, яшчэ ў часы савецкага рэжыму ён умеў запаліць у іншых любоў да беларушчыны. Былыя студэнты добра памятаюць ягоныя лекцыі на тэмы хрысціянскай культуры Еўропы і старабеларускага мастацтва. Гэтыя сустрэчы з Юрыем Хадыкам моладзь называла глыткамі свежага паветра. Напрыканцы сямідзясятых навуковец стварыў пры Акадэміі навук БССР Музей старажытнабеларускай культуры.

«Калі гэты музей адчынілі, гэта ўспрынялося як ластаўка нацыянальнага адраджэння, якое спакваля набірала сілу. На той час Юры Хадыка быў найлепшы ў Беларусі, а значыць і ў свеце, знаўцам нашай старажытнай культуры», – патлумачыў Уладзімір Арлоў.

Палітычная дзейнасць

Напрыканцы васьмідзесятых Юры Хадыка актыўна далучаецца да руху беларускага адраджэння. Яго абіраюць намеснікам старшыні Беларускага Народнага Фронту. Паплечнікі запомнілі яго, як асобу здольную да палітычнага дыялогу.

«Чалавек незвычайнай інтэлігентнасці. Ён быў неабходны калі былі нейкія складаныя перамовы, калі трэба было развязаць праблему, калі былі палярныя погляды. Калі быў Хадыка, заўсёды быў кампраміс. Гэта высокая якасць для палітыка», – мяркуе Анатоль Лябедзька, Абʼяднаная грамадзянская партыя.

Адзін з першых палітзняволеных

У 1996 годзе, пасля масавай акцыі з нагоды дзясятых угодкаў чарнобыльскай трагедыі, палітык трапіў за краты разам з грамадскім актывістам Вячаславам Сіўчыкам паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых закалотаў. У турме пачаў доўгатэрміновую галадоўку. Звольнены менш як праз месяц пад ціскам дэмакратычнага руху і міжнароднай супольнасці. Юры Хадыка стаў адным з першых з сумнавядомага спісу палітзняволеных Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта быў пачатак лукашызму. Тады ніхто не ведаў, што гэтая хвароба настолькі расцягнецца. У 1996 годзе былі незаконны ўзбуджаныя крымінальныя справы. Ніхто не мог падумаць, што гэты рэжым утрымаецца больш за дваццаць гадоў», – зазначыў грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык.

Досвед і веды выбітнага навукоўца і палітыка сучасным уладам Беларусі аказаліся непатрэбныя. Апошні час свайго жыцця Юры Хадыка правёў за мяжою. Памёр у Дэнвэры 11 верасня на семдзесят дзявятым годзе жыцця

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота – vytoki.net

Глядзі таксама
Каментары