Беларусь прынялі ў Балонскі працэс


Пра далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу было абвешчана на саміце міністраў адукацыі ў Ерэване. У некаторых міністраў рашэнне выклікала пытанні.

Міністры адукацыі Нарвегіі, Швецыі, Нідэрландаў і Ісландыі заявілі пра неабходнасць выканання Беларуссю ўмоваў дарожнай карты па далучэнні да Балонскага працэсу, паведамляе БелаПАН.

«Дарожная карта – гэта не прапанова, а патрабаванне, якое павінна выконвацца. Важна, каб усе яе ўмовы былі як мінімум выкананыя. Мы мусім пільна сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, ці выконваюцца там акадэмічныя свабоды, прынцыпы мабільнасці і ў цэлым правы чалавека», – заявіў міністр адукацыі Ісландыі.

Таксама Беларусь далучылася да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Дэлегацыю нашай краіны на Канферэнцыі ЕПВА, якая 14-15 траўня праходзіць у Ерэване, узначальвае міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Такім чынам, Беларусь уступіла ў Балонскі працэс з другой спробы. Першая заяўка павінна была разгледжаная ў красавіку 2012 года, аднак Балонская працоўная група яе зняла. Тады нараканні выклікала невыкананне Беларуссю такіх прынцыпаў Балонскага працэсу, як акадэмічная вольнасць, інстытуцыйныя аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй. Мінадукацыі шмат разоў заяўляла, што прэтэнзіі «ляжаць не ў сферы адукацыі, а ў іншай сферы», і што Беларусь гатовая да ўступлення ў Балонскі працэс.

Эксперты прытрымліваюцца іншага меркавання. Каардынатарка маніторынгу парушэнняў акадэмічных свабодаў Марына Штрахава ў «Гарачым каментары» адзначыла, што Беларусь не зрабіла ніякіх рухаў, каб выправіць хібы беларускай адукацыі, якія былі пералічаныя ў 2012 годзе.

«Беларусь не першая ўступіць у Балонскі працэс без прытрымлівання тых каштоўнасцяў, якія ёсць у Балонскім працэсе. Можна пазначыць Казахстан, Туркменістан, якія цудоўна адчуваюць сябе ў Балонскай сістэме, і пры гэтым не выконваюць яе каштоўнасці. У нейкім сэнсе, безумоўна, гэтыя каштоўнасці дэвальвуюцца. Калі ты ўжо ўвайшоў Балонскі працэс, то па сутнасці няма ніякай адказнасці акрамя твайго сумлення», – заявіла Марына Штрахава.

Эксперт «Ліберальнага клубу» Вадзім Мажэйка ў інтэрв’ю нашаму каналу адзначыў, што прыняцце Беларусі ў Балонскі працэс прадыктаванае палітычнымі матывамі. На думку эксперта, апошнім часам замест палітыкі санкцыяў Еўропа выкарыстоўвае ў стасунках з Беларуссю палітыку ўцягвання, спрабуючы хоць нейкім чынам паўплываць на нашу краіну.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў