Беларусь падоўжыла дзеянне тарыфаў на транзіт расейскай нафты


Пра гэта паведамляецца ў пастанове на сайце Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю краіны.

Новая пастанова набывае моц з 1 лютага 2017 года і будзе дзейнічаць да канца года.

Пункт пра тое, што новыя тарыфы будуць дзейнічаць да 31 сакавіка 2017 года, як было пазначана раней, скасаваны.

«З пункта 3 пастановы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі ад 30 снежня 2016 года №48 «Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі» словы «і дзейнічае па 31 сакавіка 2017 года» выключыць», – гаворыцца ў пастанове.

5 студзеня Беларусь падвысіла тарыфы на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі краіны. Тарыфы на паслугі «Полацктранснафта Дружбы» па транспарціроўцы (транзіце) нафты выраслі на 11,76%, на паслугі «Гомельтранснафта Дружбы» – на 7,7%.

Раней Беларусь запытвала павышэнне тарыфаў на транспарціроўку нафты з Расеі для «Гомельтранснафта Дружбы« на 20,5%, аднак расейскі бок з гэтым не пагадзіўся і палічыў мэтазгодным падняць тарыф 7,7%.

Расея вырашыла змяніць графік паставак нафты ў Беларусь у першым квартале года. У планах – скараціць пастаўкі да 4 млн тон. Рашэнне прынята пасля таго, як бакам не ўдалося знайсці рашэнне газавай спрэчкі. Першапачаткова ў графіку была запланавана пастаўка 4,5 млн тон нафты ў квартал, але цяпер Масква працягне практыку скарачэння паставак нафты, каб заахвоціць Менск пагасіць больш амаль $ 500 мільёнаў доўгу за газ, піша «Коммерсант».

Беларусь і Расея амаль год не могуць урэгуляваць нафтагазавы канфлікт.

На фоне газавых спрэчак і запазычанасці Беларусі перад суседкай за пастаўкі газу, летась Расея знізіла пастаўкі нафты ў Беларусь на 5,25 млн тон, што ўжо абышлося Беларусі ў 0,3% ВУП. У адказ наша краіна з 11 кастрычніка на 50 % хацела павысіць тарыфы на транзіт расейскай нафты праз беларускую тэрыторыю, але гэтага не адбылося.

У відэа глядзіце, які кошт нафтагазавага канфлікту

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў