Беларусь падорыць Сербіі 12 установак «Бук» і восем самалётаў МіГ-29


МіГ-29

Беларусь падорыць Сербіі вайсковую тэхніку, за рамонт і мадэрнізацыю якой заплаціць Бялград.

Пра гэта ў суботу распавёў міністр абароны Сербіі Зоран Джорджэвіч пасля паездкі ў Менск.

«Гаворка ідзе пра дзве дывізійныя сістэмы «Бук» і пра восем МіГ-29, якія павінныя быць перададзеныя на працягу наступнага года. Разам з самалётамі, якія перадасць Сербіі Расея, сістэма СПА Сербіі значна ўзмоцніцца», – падае газета «Палітыка» словы міністра.

Дэталі супрацоўніцтва будуць абмяркоўвацца з траўня гэтага года, калі прадугледжанае стварэнне сумеснага органа па супрацоўніцтве ў галіне абароны, аналагічнага тым, якія ўжо існуюць у Сербіі з іншымі краінамі. У сувязі з гэтым кіраўнік ваеннага ведамства не мог назваць дакладную суму, у якую абыдзецца рамонт і мадэрнізацыя ЗРК «Бук» і МіГаў.

Джорджэвіч таксама адзначыў вялікі патэнцыял сербска-беларускіх стасункаў у ваенна-тэхнічнай галіне, а таксама магчымасць стварэння сумесных праектаў у абароннай прамысловасці з выхадам на рынкі трэціх краінаў.

«Беларускія грузавікі і будаўнічая тэхніка былі б цікавыя для сербскай арміі. Ёсць магчымасць супрацоўніцтва па пытанні рамонту і мадэрнізацыі розных сістэм зброі расейскага паходжання. Беларусь зацікаўлена ракетным палівам і іншымі таварамі нашай прамысловасці», – сказаў міністр.

Прэмʼер-міністр Сербіі Александар Вучыч 26-27 студзеня наведаў з візітам Беларусь. У ходзе паездкі адбыліся сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і прэмʼерам Андрэем Кабяковым. Бакі дамовіліся развіваць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва і імкнуцца нарасціць абʼём узаемнага гандлю да $ 500 млн таваразвароту.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле ТАСС

Стужка навінаў