Беларусь паднялася ў рэйтынгу свабоды інтэрнэту


У рэйтынгу «Freedom House» за 2016 год Беларусь перамясцілася з 64-га месца на 62-е месца, але надалей уваходзіць у групу краінаў, дзе свабода ў сеціве лічыцца абмежаванай.

У справаздачы міжнароднай няўрадай арганізацыі адзначаецца, што ў мінулым годзе ў Беларусі зафіксаваныя значныя паляпшэнні ў забеспячэнні хуткасці інтэрнэту, а незалежныя інтэрнэт-медыі і сацыяльныя сеткі сталі набываць усё большае значэнне ў якасці крыніцаў інфармацыі.

У справаздачы таксама гаворыцца, што ў 2015 годзе беларускі ўрад пачаў выкарыстоўваць новыя папраўкі да Закону аб СМІ, каб заблакаваць, зачыніць або запалохаць незалежныя медыярэсурсы.

Паводле аўтараў справаздачы, беларускія ўлады працягваюць пераслед незалежных журналістаў, якія працуюць на інтэрнэт-медыі. У дакладзе згадваюцца штрафы, якія атрымалі журналісты, што працуюць без акрэдытацыі.

«Freedom House» звяртае ўвагу, што беларускія ўлады павялічылі свае юрыдычныя і тэхнічныя магчымасці для кантролю за інтэрнэт-карыстальнікамі дзякуючы тэхналогіям відэаназірання, якія дзяржава набыла ў Кітаі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў