Беларусь не мае быць беларускай?


У судзе Фрунзенскага раёну Менску сёння прайшоў апошні дзень працэсу аб палітычным графіці. Больш за Br 100 млн штрафу, паўтары і два гады абмежавання волі без накіравання ў калонію пагражала Максіму Пякарскаму, Вячаславу Касінераву і Вадзіму Жаромскаму адпаведна.

Пракурор абвінаваціў маладзёнаў вінаватымі ў злосным хуліганстве за… малюнкі на сценах і плямы фарбы на білбордзе. Жорсткасць абвінавачання была абумоўленая палітычным кантэкстам малюнкаў. Але суддзя Ала Скуратовіч палічыла маладзёнаў вінаватымі толькі ў псаванні маёмасці, і пакарала Пякарскага, Касінерава і Жаромскага штрафамі. Таксама мастакі-падпольшчыкі цяпер застаюцца пад падпіскай аб нявыездзе.

«Беларусь мусіць быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці». Насценныя малюнкі, што прапагандавалі розум, здаровы лад жыцця і адмову ад камунізму і нацызму, цяпер засталіся толькі на відэа парталу «Наша Ніва».

«Мы называем гэта «Рэвалюцыя свядомасці». Свядомасць беларусаў вельмі запаволеная. Мы спрабуем яе раскачаць», – даводзіць Вячаслаў Касінераў, падсудны актывіст.

Графіці на менскіх задворках, магчыма, засталося б незаўважным, калі б не бурлівая рэакцыя спецслужбаў і міліцыі. Малюнкі замалявалі, супраць падпольных мастакоў – Максіма Пякарскага, Вячаслава Касінерава і Вадзіма Жаромскага – распачалі крымінальную справу. З вобшукам, збіццём падчас арышту – Пякарскаму нават зламалі сківіцу – пагрозамі і жорсткім абыходжаннем падчас допытаў у следчым ізалятары. Такім чынам міліцыянты выбілі паказанні, у тым ліку прыватнага характару, што прагучалі сёння на судзе. Таксама ў справу пайшла праслухоўванне тэлефонаў.

«Перамываюць нейкую брудную бялізну нашую, нейкія паказанні, якія асабліва агучваць-та і не трэба», – кажа Вячаслаў Касінераў.

Паводле пракурора Сцяпуркі, маладзёны нанеслі будынкам шкоду на 200 тыс рублёў. І ўвогуле небяспечныя для грамадства.

«Я ў шоку. Уся гэтая справа не вартая выедзенага яйка. Ну падумаеш, на старым плоце напісалі добры лозунг, і фарбай запырскалі білборд», – зазначае Мікола Статкевіч, былы кандыдат на прэзідэнцтва і палітвязень.

Прадпрымальнік, чый білборд забрудзілі фарбай Жаромскі і Касінераў, адмовіўся ад прэтэнзіяў пасля кампенсацыі стратаў у Br 2 млн. Але праблема ў тым, што на плакаце з сацыяльнай рэкламай былі фатаграфіі міліцыі з хвалебным подпісам.

«Гэта помста з боку працаўнікоў міліцыі за сапсаваны білборд і за нашую сацыяльную актыўнасць да гэтага», – мяркуе Вадзім Жаромскі, падсудны актывіст.

Хлопцы часткова прызналі віну ў пашкоджанні маёмасці і спадзяваліся не на апраўданне, дык хоць на мяккасць выраку.

«Улічваючы цяперашнюю палітычную глебу, што асоба цяжкіх пакаранняў усё ж ня будзе». – прагназуе Максім Пякарскі, падсудны актывіст.

Але яшчэ ў панядзелак карная сістэма паказала ступень жорсткасці, калі проста ў будынку суду байцы АМАП моцна збілі двух актывістаў, што прыйшлі на суд у падтрымку сяброў, і журналіста, што здымаў напад. Здарэнне стала рэзанансным, беларускую міліцыю асудзілі ў АБСЕ, а лідар Абʼяднанай Грамадзянскай Партыі заклікаў усіх неабыякавых выйсці заўтра на акцыю каля Вярхоўнага Суду супраць міліцэйскага гвалту.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Стужка навінаў