Беларус на Давосе: упершыню за чвэрць стагоддзя


Ўпершыню за 24 гады ўдзел у Сусветным эканамічным форуме возьме наш суайчыннік. Дзяніс Кольга распавядзе пра ідэю стварэння ў Беларусі міжнарожнай платформы па вырашэнню канфліктаў на постсавецкай прасторы.

Сёння ў швейцарскім Давосе распачынаецца Сусветны эканамічны форум, які пройдзе ў 46 раз. З 20 па 23 студзеня знакаміты гарналыжны курорт прыме каля 2,5 тыс. дэлегатаў з 140 краін. Галоўная тэма спаткання – чацвёртая прамысловая рэвалюцыя, якая азначае злучэнне класічнай прамысловасці з лічбавымі тэхналогіямі. Адказнымі за яе асвятленне – топ-мэнэджары такіх IT-гігантаў, як «Google», «Alibaba Group», «Airbnb», «Cisco»,

«Dell», «Hewlett Packard» ды «Фэйсбук».

Удзельнікі Давосу будуць дыскутаваць таксама пра змены клімату, «новую нармальнасць» (наступ эпохі нізкіх тэмпаў гаспадарчага росту) і шляхі вырашэння праблемаў уцекачоў.

Удзельнікі культурніцкіх панэляў – актор Леанарда Ды Капрыа (напярэдадні ён атрымаў у Давосе прэмію «Crystal Award» за намаганні па барацьбе са зменай клімату), музыканты Бона і Пітэр Гэбрыэл, актор і рэжысёр Кевін Спэйсі.

На сёлетнюю сустрэчу ўпершыню за 24 гады запрасілі беларуса. Дзяніс Кольга прадставіць у Швейцарыі ідэю Менскага хабу – пляцоўкі для вырашэння канфліктаў на постсавецкай прасторы.

«Менскі хаб уваходзіць у супольнасць «Global Shapers Community», якая зʼяўляецца сваеасаблівым моладзевым крылом Сусветнага эканамічнага форуму. Супольнасць «Global Shapers» – гэта сусветная сетка арганізацыяў, якія вырашаюць мясцовыя і глабальныя праблемы. Пяцьдзясят прадстаўнікоў гэтай супольнасці, якія прадэманстравалі найцікавейшыя ініцыятывы па рашэнні глабальных праблем, былі афіцыйна запрошаныя ў Давос», – кажа Дзяніс Кольга.

Штогадовая сустрэча Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе – адна з галоўных падзеяў міжнароднай палітыкі і эканомікі. Эліты з усяго свету абмяркоўваюць тут найвастрэйшыя праблемы планеты, пытанні ўмацавання стабільнасці ды міру, перспектывы эканамічнага развіцця.

СЭФ праходзіць у Давосе з 1971 года. Тэмай леташняга спаткання быў «Новы глабальны кантэкст» ды дзесяць ключавых сусветных выклікаў сучаснасці.

Дагэтуль беларусы бралі ўдзел у Давосе аднойчы: у 1992 годзе СЭФ наведаў Станіслаў Шушкевіч, які быў тады старшынём Вярхоўнага Савету.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў