Беларус на Давосе: «Мяркую, у 2017-м нас запросяць сюды зноў»


У швейцарскіх Альпах праходзіць Сусветны эканамічны форум, дзе сусветны бізнес сустракаецца з палітыкай ды культурай, каб абмеркаваць прагнозы на будучыню. Упершыню за 24 гады перад лідарамі планеты выступіць наш суайчыннік. У размове з «Белсатам» сябра Менскага hub’у Дзяніс Кольга распавядае, якую Беларусь ён прасоўвае на Давосе.

Запрашэнне на Давос было чаканым ці стала сюрпрызам?

Гэтага можна было чакаць. Беларусь была апошняю краінаю без моладзевага hub’у, што паўстаюць ў межах ініцыятывы Global Shapers Community пад эгідаю Сусветнага эканамічнага форуму. Улічваючы, што я стварыў гэты hub, можна было меркаваць, што мяне запросяць.

Чым займаецца Менскі hub?

Мы яго стварылі ў красавіку 2015 года. Мы дзеім па шэрагу кірункаў: прасоўваем праекты «Эразмус+», Балонскага працэсу, «Усходняга партнёрства», пытанні праблемаў міру і візавыя пытанні. У верасні мы зрэалізавалі першы ў Беларусі трэнінгавы курс па «Эразмус+» за два гады існавання праграмы (моладзевая праграма Еўразвязу па культуры, адукацыі і спорце паўстала ў студзені 2014.«Белсат»).

Таксама мы можам пахваліцца новым фільмам, які мой калега калега з Менскага hub’у Андрэй Елісееў зняў на падтрыманне кампаніі «Free to Move» – руху спрашчэння візавых рэгуляцыяў для краінаў «Усходняга партнёрства», у тым ліку і для Беларусі.

Наступны праект – уласна Давос: прасоўванне hub’у ды інтарэсаў Беларусі і нашай моладзі праз Сусветны эканамічны форум.

А колькі вы будзеце мець часу на выступ?

Учора я выступіў двойчы, сёння – адзін раз. Тут на выступ даецца 1–2 хвіліны: гэта ўсё ж такі клубны фармат, які мае на ўвазе нефармальныя зносіны.

Учорашнія мае выступы адбыліся на спатканнях, што прайшлі ў фармаце абеду і вячэры. Тэмай вячэры, да прыкладу, былі «Прагнозы на 2016 год» – як эканамічныя, так і палітычныя.

Сярод іншага там абмяркоўвалі тэму мігрантаў, і я нагадаў: нягледзячы на тое, што ў фокусе цяпер сірыйскія мігранты, не варта забывацца, што існуе пытанне ўкраінскіх мігрантаў. Нягледзячы на свой цяжкі эканамічны стан, Беларусь прыняла ўжо 200 тыс. уцекачоў з Украіны.

Ці можна ўжо казаць пра нейкія практычныя вынікі сёлетняга форуму для нас?

Я ўжо знайшоў партнёраў для супольнага праекту моладзевых сімуляцыйных гульняў і моладзевага цэнтру развязання канфліктаў пад агульным брэндам «Hub of Peace». Магчыма, будзем рухаць яго далей на дарослы ўзровень. Мяне ўжо падтрымалі моладзевыя лідары з постсавецкіх краінаў – Украіны, Расеі, Грузіі, якія вырашылі далучыцца да ініцыятывы.

А якія праблемы вы там падымаеце не столькі для развязання, а колькі для пачатку дыскусіі?

Увогуле, галоўная тэма сёлетняга форуму – 4-ая індустрыяльная рэвалюцыя, тэма нумар два – праблемы міру і бяспекі, тэма нумар тры – Новы шаўковы шлях, а таксама еўразійская тэматыка. Натуральна, я не магу выступаць па-за межамі тэмаў, таму бяру голас у тэмах 2 і 3. Усё ж такі, Беларусі цяжка пахваліцца нейкімі сурʼёзнымі дасягненнямі на ніве робататэхнікі.

Кляўс Шваб на адкрыцці форуму заявіў, што сярэдні ўзрост жыхара планеты – 27 гадоў, таму варта далучыць да развязання сусветных праблемаў моладзь. Вы адчуваеце, што вас «далучаюць»? Пакуль у тэлевізійных справаздачах з Давосу бачныя толькі твары пенсіянераў.

Ну я ўжо далучаны, наколькі вы бачыце. Гэта толькі праз тэлебачанне паказваюць людзей сталага веку, тут на самой справе моладзевае прадстаўніцтва вельмі моцнае. Апроч шэйпераў (маладзёны, якія дасягнулі значных прафесійных поспехаў.«Белсат») тут ёсць шматлікія глабальныя моладзевыя лідары да 40 гадоў, якія дасягнулі пэўнага поспеху, медыялідары, тэхнічныя піянеры і г. д. СМІ, зразумела, выхопліваюць пажылых стокгоўлдэраў (бізнесоўцаў, уладальнікаў адной або некалькіх кампаніяў. Белсат), але сёлета на форум запрасілі шмат моладзі. Наагул, тут 2,8 тыс. паўнапраўных удзельнікаў – мяркую, на наступным Давосе пажылыя людзі акажуцца ў меншасці.

А які шанец, што вас запросяць на Давос налета?

Ну, не ведаю… Мяркую, невялікі: усё ж такі існуюць пэўныя абмежаванні, квоты на краіны і г. д. Спадзяюся на запрашэнне, канешне, але паглядзім, што атрымаецца.

Беларусь упершыню за 24 гады бярэ ўдзел у Давосе: апошні раз тут быў Шушкевіч у 1992 годзе…

У паўнапраўным фармаце – так. Магчыма, нейкія беларусы і прыязджалі ў горад Давос падчас правядзення форуму 10 або 15 гадоў таму, але не як паўнапраўна запрошаныя ўдзельнікі.

Калі, на вашую думку, можна будзе чакаць наступнага паўнапраўнага запрашэння беларусаў на Давос?

Магчыма, у 2017 годзе. Сектаральны плот Еўразвязу выключаў кантакты з Беларуссю на высокім узроўні да 2015 года, таму цяпер, магчыма, налета запросяць афіцыйную дэлегацыю Беларусі. Усё ж такі Еўропа зацікаўленая ў наладжванні кантактаў з намі.

Сёлета ў Давос якраз прыехала вялікая дэлегацыя Ірану, з якога знялі санкцыі. Яны атрымалі тут вялікае прадстаўніцтва, паўсюль выступаюць. Мне падаецца, у 2017 годзе сюды запросяць і каго-небудзь з нашых афіцыйных асобаў.

Размаўляў Дзяніс Дзюба. Фотаздымкі  Дзяніса Кольгі

Глядзі таксама
Каментары