Беларусь на БТ – «Белоруссия»


Тэлекампанія кажа, што вінаватыя расейцы – арганізатары трансляцыі.

12 красавіка падчас матчу па міні-футболе паміж Беларуссю і Расеяй у прамым эфіры спартовага тэлеканалу «Беларусь 5», які ўваходзіць у структуру Белтэлерадыёкампаніі, нашая краіна была падпісаная як «Белоруссия».

У каментары «Белсату» БТ-5 заявілі, што графіку рабілі расейцы: матч у адказ у межах плэй-оф чэмпіянату свету-2016 адбываўся ў Цюмені, і беларуская тэлекампанія проста рэтранслявала сігнал са спадарожніка.

«Змяніць графіку мы не маглі», – заявіла БТ-5.

Цікава, што на табло ў гульнявым зале расейскі бок напісаў нашую краіну правільна: «Беларусь».

Яшчэ адной цікавосткай было тое, што беларуская каманда грала ў строях з даўгімі рукавамі, хаця міні-футбол – спорт па азначэнні ў закрытых памяшканнях, і нашая каманда мае адпаведную форму.

Беларусы папарыліся, але ў Калумбію ўсё роўна не трапяць.

Гульня была матчам у адказ, і завяршылася з лікам 2: 2. Паколькі нашыя хлопцы ў першым паядынку ў Менску саступілі 1: 4, на фінальную частку чэмпіянату свету-2016 у Калумбію адправіцца каманда Расеі.

СА, ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары