Беларусь і Расея не дамовіліся наконт зніжкі на газ


Пазіцыя Беларусі па цане паставак расейскага газу не змянілася, наступныя перамовы плануецца правесці таксама ў Маскве ў траўні. Пра гэта журналістам паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык па выніках сустрэчы са сваім расейскім калегам Аляксандрам Новакам.

«Мы нічога не павінны расейскаму боку, мы не просім ніякіх зніжак на газ. Мы просім выканання нарматыўна-прававой базы. Пытанне вельмі далікатнае, мы сядаем і адпрацоўваем гэтыя пытанні. Нас сёння пачулі. Гэта нас радуе. Наступная сустрэча неўзабаве. Мы будзем сустракацца тут, у вас, у Маскве. Наша пазіцыя абсалютна зразумелая, яна празрыстая. Наша пазіцыя не змянілася. Нам здаецца, што расейскі бок пачынае нас чуць і разумець, што мы просім», – цытуе Патупчыка агенцтва ТАСС.

12 траўня ў Магілёве, дзе праходзіла пасяджэнне Савету міністраў Саюзнай дзяржавы, міністр энергетыкі Расеі заявіў, што доўг Беларусі «Газпрому» за студзень-красавік перавысіў 125 млн. долараў.

У сваю чаргу Уладзімір Патупчык заявіў, што Менск не прызнае наяўнасць доўгу перад «Газпрамам» за пастаўлены газ. Паводле яго, бакі па-рознаму трактуюць міжурадавыя дамоўленасці. «Расея лічыць, што ёсць кошт «Ямала», а мы лічым, што з 1 студзеня 2015 года павінны дзейнічаць рынкавыя роўнадаходныя кошты», – растлумачыў Патупчык.

Перамовы на гэтую тэму вядуцца са студзеня. Прадстаўнікі Расеі неаднаразова заяўлялі аб немэтазгоднасці зніжаць цану на газ для Беларусі. Беларускі бок лічыць, што мае права разлічваць на зніжэнне кошту да 80 долараў за тысячу кубаметраў замест цяперашніх 142.

ДР, belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў