Беларусь і Расея на наступным тыдні правядуць перамовы па газе


На наступным тыдні Беларусі ды Расея правядуць перамовы па газе.

Пра гэта паведаміў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка.

Намеснік прэм’ера распавёў, што на наступным тыдні ў яго запланаваная сустрэча з віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзіем Дварковічам у Маскве.

«У нас розныя тэмы, але перадусім будзе абмяркоўвацца пытанне па газе», – патлумачыў Уладзімір Сямашка.

Як паведамлялася, Беларусь і Расея падпісалі дакумент, які рэгулюе газавае пытанне ў 2017-2019 гадах.

«Пакуль мы на палове дарогі – дамовіліся толькі да 2019 года. Але тыя дамоўленасці, якія дзейнічаюць у 2017 годзе, выконваюцца, у 2018 годзе мы таксама атрымаем істотную падтрымку з боку Расеі», – сказаў намеснік прэмʼер-міністра.

Уладзімір Сямашка звярнуў увагу на тое, што пытанне цаны газу – вельмі адчувальнае для эканомікі Беларусі.

«Ёсць прыватны прыклад, але ён характарызуе шмат чаго. МАЗ плаціць $ 278 за тысячу кубаметраў газу, КАМАЗ – $ 65, такая называлася лічба. МАЗ плаціць 11,3 цэнта за кВт.гадз, КАМАЗ – 4,5 цэнта. І як у такіх умовах можна быць канкурэнтаздольным? » – задаўся пытаннем віцэ-прэмʼер. Ён нагадаў, што з 1 студзеня 2025 году цана газу для Беларусі павінная быць роўнай цане ў Смаленскай вобласці.

«Сёння, калі паглядзець цану газу на мяжы Расеі і Беларусі, то яна ідзе з каэфіцыентам больш за 2 у адносінах да таго, колькі газ каштуе ў Смаленскай вобласці. Пакуль мы пазначылі толькі частку траекторыі да таго, каб да 1 студзеня 2025 года выйсці на каэфіцыент 1. Ужо зрухі ёсць », – адзначыў Уладзімір Сямашка.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што канкрэтыка ёсць пакуль толькі да 2019 года. Што тычацца 2020-2024 гадоў, вядуцца перамовы з расейскім бокам на ўзроўні і профільных міністэрстваў, і міністраў, і віцэ-прэмʼераў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў