Беларусь і Польшча: Толькі бізнес


Адліга палітычных стасункаў паміж Менскам і Варшавай можа прывесці да шматмільённых эканамічных пагадненняў.

Адначасова Беларусь адкрывае частку сваёй мяжы для грамадзянаў Еўразвязу. Але пакуль што не запускае Малы памежны рух. Ці Менск гатовы да сурёзных рэформаў і хто з польскіх прадпрымальнікаў ужо будуе свае фабрыкі ў Беларусі?

У панядзелак у Нацыянальную бібліятэку зʼехалася каля 150 польскіх бізнесоўцаў з нагоды дваццатага беларуска-польскага гаспадарчага форуму «Добрасуседства 2016». Гэта рэкордная лічба замежных гасцей за ўсю гісторыю форуму. У Менск з гэтай нагоды нават завітаў віцэ-прэмьер Польшчы Матэўш Маравецкі, якія сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Калі мы разлічваем на больш шчыльныя адносіны з нашай бліжэйшай суседкай, якой зʼяўляецца Польшча, нам, вядома, трэба ствараць фундамент гэтых адносінаў. І гэтым фундаментам можа быць толькі эканоміка», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра эканамічнае супрацоўніцтва казаў і прадстаўнік польскага ўраду.

«Да сустрэчы з вамі мы размаўлялі пра беларускія трактары і пастаўкі беларускага цэменту ў Польшчу. Мы хочам каб супрацоўніцтва было плённае для абодвух бакоў», – адзначыў Матэўш Маравецкі.

Прадстаўнікі ўрадаў падпісалі пагадненне дзякуючы якому ў Менску неўзабаве адчыніцца польска-беларускі цэнтр «IPO». Там кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў будуць вучыцца працы фондавых біржаў. Маравецкі прызнаўся што Беларусь запрасіла Польшчу да ўдзелу ў прыватызацыі.

Чытайце таксама >>> Беларусь прапаноўвае Польшчы набываць энергію з БелАЭС

У сваю чаргу адзін з арганізатараў форуму лічыць, што палітычная і гаспадарчая адліга паміж Менскам і Варшавай адчыняе новыя магчымасці для беларускага бізнесу ў Польшчы.

«У Польшчы зарэгістравана каля 60 беларускіх фірмаў, з якіх функцыянуе толькі 16. Гэта вельмі вялікая прастора для нашых беларускіх калегаў, каб ствараць тут прадпрыемствы і прадаваць свае прадукты», – такое меркаванне выказвае Казімеж Здуноўскі, дырэктар Польска-Беларускай гандлёвай палаты (Варшава).

У Беларусі ж дзейнічае каля 350 фірмаў з польскім капіталам. Сярод найбуйнейшых прадпрыемстваў «Тайфун», што прадукуе будаўнічыя сумесі. Пра гэту фірму чуў хіба кожны, хто апошнім часам рамантаваў ці будаваў жытло. Не ўсе аднак ведаюць што ў 2009 годзе прадпрыемства выкупіла, разбудавала і мадэрнізавала польская група «ATLAS».

«Мы заінвэставалі ў Беларусі 100 млн злотых. Пабудавалі чатыры новыя фабрыкі. 90 % прадукцыі ідзе на беларускі рынак. Мы задаволеныя супрацоўніцтвам з беларускай дзяржавай. Беларусь зʼяўляецца прыкладам для іншых краінаў таго як трэба ствараць варункі для інвестараў. Гэта краіна права, асабліва ў галіне гаспадаркі.

Тут не трэба даваць хабару, а 100 % продажаў праходзяць па дакументах. У іншых краінах на ўсход ад Польшчы сітуацыя зусім іншая», – адзначае прэзідэнт групы «Atlas» Хэнрык Сёдмок.

Ці сапраўды ўсё так добра?

Але ёсць і пэўныя праблемы. Польскія аналітыкі лічаць, што, каб беларуская гаспадарка была больш прываблівая, улады ў Менску павінны выканаць пэўныя крокі.

«Галоўная праблема – гэта давер да беларускіх уладаў. Усё залежыць ад таго, ці сённяшнія ўмовы, якія нават больш прываблівыя чым у іншых еўрапейскіх месцах, не будуць скасаваныя адным дэкрэтам, а маёмасць не будзе нацыяналізаваная. Калі ўлады ў Менску дадуць цвёрдыя гарантыі інвестарам, што нічога дрэннага з імі не зробіцца, Беларусь будзе месцам чарговага эканамічнага цуду ў Еўропе», – кажа кіраўнік цэнтру Адама Сміта (Варшава) Анджэй Садоўскі.

Але ў гатовасць беларускіх уладаў да сурёзных рэформаў вераць не ўсе.

«Рэжым, які сёння існуе ў Беларусі, не можа рэфармавацца. Бо сурёзныя змены ў эканамічнай сістэме могуць прывесці да непрадказальных працэсаў і фактычна да дэстабілізацыі не толькі эканамічнай сістэмы, але таксама і палітычнай. Уся эканамічная сістэма Беларусі функцыянуе выключна пры дапамозе адміністрацыйнага рэгулявання. Адмова ад палітычнага кантролю для Лукашэнкі можа прынесці негатыўныя вынікі», – мяркуе палітолаг Павал Усаў.

А пакуль Беларусь аднабакова адкрывае частку мяжы для турыстаў з Захаду. Маршалак падляскага ваяводства Польшчы Ежы Ляшчынскі першы скарыстаўся з бязвізавага руху ў «Аўгустоўскім парку». Згодна з дэкрэтам Лукашэнкі, палякі могуць на працягу пяці дзён наведваць Горадню і наваколле без візаў.

Відэасюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Прапануем вашай увазе яе апошняе выданне:

Стужка навінаў