Беларусь і ЕЗ могуць падпісаць Пагадненне аб прыярытэтах партнёрства ў 2018 годзе

Wideo

Беларусь і ЕЗ выйшлі на фінальную стадыю ўзгаднення прыярытэтаў партнёрства на 2018-2020 гады. Пра гэта распавёў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка на форуме «Еўрапейскі звяз і Ўсходняе партнёрства: падыходы да рэгіянальнай супрацы».

«Мы на фінальнай стадыі ўзгаднення прыярытэтаў партнёрства. Там ёсць некалькі тэхнічных момантаў, якія яшчэ патрабуюць часу для поўнага ўзгаднення паміж бакамі», – заявіў Алег Краўчанка.

Дакумент можа быць падпісаны ў першай палове 2018 года.

«Мы лічым гэта важным дакументам з многіх пунктаў гледжання. Між намі з’явіцца дакумент, які змяшчае ў сабе слова «партнёрства», гэта будзе ўпершыню ў гісторыі нашых адносінаў. Дакумент адкрывае доступ да фінансавых інструментаў, якія Еўрапейскі звяз задзейнічае ў межах Усходняга партнёрства», – адзначыў дыпламат.

Гэтыя пытанні сярод іншых будзе абмяркоўваць каардынацыйная група «Беларусь – ЕЗ», чарговая сустрэча якой пройдзе ў снежні ў Бруселі.

«Абмяркоўваюцца ўсе пытанні: ад транспарту, экалогіі, мытнай супрацы да правоў чалавека», – растлумачыў ён.

Беларусь не плануе станавіцца членам ЕЗ, але зацікаўленая ва «Усходнім партнёрстве»

«Гэтая ініцыятыва – не вуліца з аднабаковым рухам, і, вядома ж, мы не збіраемся выціскаць рэсурсы з ЕЗ. Мы ўсе зацікаўлены ў бяспецы, росквіце, эканамічным развіцці і магчымасцях, якія з’яўляюцца для нашых людзей у адукацыі, бізнесе», – сказаў Краўчанка.

І дадаў, што Беларусь і ЕЗ маюць намер пачаць перамовы аб базавай дамове.

«Мы не плануем заключаць дагавор аб асацыяцыі. У нас павінен быць такі дакумент, як паміж Еўразвязам і Расеяй. Нам трэба яго заключыць і падпісаць як мага хутчэй», – заявіў ён.

У лістападзе на саміце ў Бруселі Уладзімір Макей заявіў, што «нічога не перашкаджае» падпісанню новага пагаднення Беларусь-ЕЗ і што дыпламаты працуюць над гэтым.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары