Беларусь для ўкраінскіх уцекачоў – перавалачны пункт


Бальшыня ўкраінцаў, якія ўцякаюць у Беларусь ад вайны, не затрымліваюцца ў нашай краіне на стала. Да такой высновы можна прыйсці, аналізуючы апошнія звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Паводле ж справаздачы ведамства, на сталае месцажыхарства ў Сінявокую за апошнія паўгода прыехалі прыблізна 15 тысячаў замежных грамадзянаў.

Яшчэ з 25 тысячаў пасяліліся ў Беларусі летась. І гэта далёка не толькі грамадзяне паўднёвай суседкі.

Пры гэтым у чэрвені ў Міністэрстве ўнутраных справаў заяўлялі, што за паўтара года ў Беларусь прыехалі прыблізна 100 тысяч украінцаў, якія збеглі ад вайны з паўднёвага ўсходу краіны або прыехалі да нас працаваць.

Відавочна, што сто тысячаў і звесткі Белстату значна адрозніваюцца.

«Статыстыка Белстату паказвае аспекты пераезда грамадзянаў на пастаяннае месца жыхарства ў Рэспубліку Беларусь. Калі замежнік атрымлівае дазваленне на ПМЖ. МУС паказвае дадзеныя з пераехаўшых, якія маюць часовае пражыванне або часовае перабыванне», паведаміў кіраўнік дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Такім чынам, Беларусь застаецца, хутчэй, перавалачнаю базаю для грамадзянаў Украіны, якія рухаюцца далей – у Расею і на Захад: у пошуках лепшае долі.

belsat.eu

Стужка навінаў