Беларусь далучаецца да «рабаўладальніцкай» бавоўнавай вытворчасці ва Узбекістане


Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне ўвайшло ва ўзбекскі кластар вытворцаў бавоўны. Праваабаронцы лічаць, што сфера вытворчасці ва Узбекістане звязанае са шматлікімі парушэннямі правоў чалавека.

«Будзем вырошчваць тут (ва Узбекістане – belsat.eu) бавоўну, перапрацоўваць і забіраць матэрыял на пражу, ніткі, якія неабходныя нам на камбінаце. Гэта атрымліваецца танней і больш мэтазгодна. Гэта ўжо вырашанае пытанне», – цытуе БелТА віцэ-прэмʼера Міхаіла Русага.

Тэма вытворчасці бавоўны ва Узбекістане шмат гадоў знаходзіцца ў цэнтры ўвагі праваабаронцаў. Улады вінавацяць у тым, што ў зборы бавоўны прымушаюць удзельнічаць студэнтаў, бюджэтнікаў (педагогаў, выкладчыкаў, медыкаў) і нават дзяцей.

Умовы працы пры гэтым вельмі цяжкія і шкодныя для здароўя. За дзень трэба сабраць уручную не менш за 50 кг бавоўны, а працягласць прымусовых працаў – у сярэднім 12 дзён.

Аплата за гэтую цяжкую працу – прыкладна 30 долараў за 12 содняў. Адмовіцца ад павіннасці нельга: бюджетнікам за гэта пагражае звальненне, студэнтам – адлічэнне.

Байкот бавоўны з Узбекістану

Збор бавоўны ва Узбекістане. Фота ITAR-TASS/ Valery Kharitonov

Шэраг сусветна вядомых брэндаў вытворчасці адзення яшчэ ў 2012 годзе заклікалі байкатаваць бавоўну з Узбекістану, патрабуючы скасаваць прымусовую працу на вытворчасці. Да байкоту далучыліся і некаторыя краіны, з заклікам адмовіцца ад прымусовай працы выступалі міжнародныя арганізацыі.

Ціск сусветнай супольнасці прымусіў улады Узбекістану пайсці на саступкі. Увосень 2017 года прэм’ер-міністр Абдула Арыпаў заклікаў адмовіцца ад прымусовай працы пры зборы бавоўны, а таксама ад выкарыстання працы дзяцей. Паводле назіральнікаў, адразу пасля гэтай заявы частку паднявольных зборшчыкаў адправілі па дамах.

Аднак праваабаронцы лічаць, што сітуацыя са зборам бавоўны ўсё роўна застаецца цяжкай. Міжнародная кааліцыя Cotton Campaign, якая сочыць за абаронай працоўных правоў пры зборы бавоўны ва ўсім свеце, заявіла сёлета, што неглядзячы на некаторы прагрэс, выпадкі прыцягнення да збору бавоўна школьнікаў і бюджэтнікаў працягваюць фіксавацца.

На думку прадстаўнікоў арганізацыі, пакуль нельга быць упэўненым у тым, што ўлады Узбекістану сапраўды збіраюцца цалкам выканаць свае абяцанні і адмовіцца ад выкарыстання прымусовай працы.

Дэталі беларуска-узбекскай супрацы ў галіне бавоўна пакуль не разгалошваюцца. На Баранавіцкім камбінаце на званкі belsat.eu не адказваюць.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў