Беларусь – чэмпіён у дэвальвацыі. А што будзе з нашым рублём неўзабаве?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=6B7imTP8IXc”][vc_column_text]Нашая краіна стала чэмпіёнам СНД… у дэвальвацыі. Як паведамляе агенцтва БелаПАН, ад пачатку года сярод постсавецкіх краінаў найбольш у вартасці страціў беларускі рубель.

Чаму айчынная валюта аказалася найслабейшай з усіх суседзяў, і якія прагнозы экспертаў на бліжэйшую будучыню?

Ваеннае становішча без вайны. Ва ўзроўні дэвальвацыі беларускі рубель сёлета абагнаў нават украінскую грыўню.

З першага студзеня «зайчык» патаннеў да долара ў паўтара раза. У раздзіранага вайною паўднёвага суседа грашовая адзінка страціла толькі траціну вартасці. Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначае: калі рэгулятар да канца года ўтрымае колькасць грошай у эканоміцы на існым узроўні, то…

СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВІЧ, ЭКС-СТАРШЫНЯ НАЦБАНКУ РБ:
«То валютны курс недзе не перавысіць Br 18-ці тысяч за долар. Калі не вытрымае гэтага ліміту, то курс можа скласці і Br 20 тысяч».

Што праўда, дэвальвацыю сёлета зазналі шмат якія былыя саюзныя рэспублікі. Асабліва гэта закранула краіны-экспарцёры нафты. Расейскі рубель упаў да долара на 16 %, азербайджанскі манат абясцэніўся на траціну, а казахстанскі тэнге – амаль у паўтара раза. Казахстанскі лідар абвінавачвае ў гэтых працэсах сусветны крызіс.

НУРСУЛТАН НАЗАРБАЕЎ, ПРЭЗІДЭНТ КАЗАХСТАНУ:
«З пачатку гэтага года назіраецца пагаршэнне глабальнай эканамічнай кан’юнктуры на сусветным рынку ў цэлым».

Але адмыслоўцы канстатуюць, што сусветны крызіс – не больш, чым міф, створаны прапагандаю постсавецкіх аўтарытарных рэжымаў. Эканоміка камуністычнага, але больш рынкавага Кітаю, нягледзячы на апошнія катаклізмы, мае вырасці сёлета на 7 %. Еўразона паказвае найлепшыя вынікі эканамічнага росту з 2011 года, а ЗША адзначаюць найніжэйшае ў гісторыі беспрацоўе. Насамрэч краіны-экспарцёры нафты цярпяць ад уласнай перавытворчасці вуглевадародаў, а прычына беларускай дэвальвацыі – збольшага, унутраная. А менавіта – грашовая эмісія.

СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВІЧ, ЭКС-СТАРШЫНЯ НАЦБАНКУ РБ:
«Ужо перавышаны гадавы аб’ём росту рублёвай грашовай масы. І гэта пацягнула за сабой абвал у апошнім месяцы валютнага курсу».

Адмыслоўцы адзначаюць, звужэнне расейскага рынку для беларускага экспарту скампенсавалася ніжэйшым коштам расейскага газу ды нафты, а таксама кантрабанднымі прыбыткамі ад продажу расейскіх нафтапрадуктаў на Захад і еўрапейскіх харчоў на Усход. Таму гандлёвы дэфіцыт сёлета – меншы, чым летась, а значыць з краіны выцякае меней валюты.

Станіслаў Багданкевіч адзначае: хоць гандлёвае сальда і палепшылася, далейшае аслабленне «зайчыка» – непазбежнае, бо тая эканамічная сістэма, якую падтрымліваюць існыя ўлады, без грашовай эмісіі доўга існаваць не можа.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў