Беларусь чакае нафтавы калапс


Яшчэ адна пагроза для беларускае гаспадаркі. З Расеі. У Крамлі плануюць змяніць падаткаабкладанне нафтавікоў. А гэта можа азначаць скарачэнне айчынных прыбыткаў ад перапродажу нафтапрадуктаў.

Купляем у Расеі нафту па ільготным кошце – 40 долараў на барэль, а нафтапрадукты з яе прадаем на Захад па сусветнай цане – за 60. Бліжэйшым часам прыбыткі ад гэтага бізнесу для Беларусі могуць істотна зменшыцца.

Павялічыць падаткі для нафтавікоў загадаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на паседжанні ў аўторак.

Уладзімір Пуцін:

«Прашу ўрад прапрацаваць накіраванне ў бюджэт дадатковых даходаў, якія нашыя экспарцёры атрымліваюць у выніку дэвальвацыі рубля».

Расейскі ўрад цяпер разглядае некалькі варыянтаў, як выканаць гэтае даручэнне, але схіляецца да таго, каб павялічыць падатак на здабыванне карысных выкапняў.

Аляксандр Сінкевіч, эканаміст:

«Для нас гэта азначае падаражэнне ўваходнай цаны на нафту і змяншэнне маржы, якую мы атрымліваем ад перапрацоўкі гэтай нафты і яе экспарту на захад. Апошні раз Масква павялічвала падатак на здабыванне карысных выкапняў летась. Паводле афіцыйнага Менску, нашая краіна страціла ад такога «манеўру» каля мільярда долараў, што спарадзіла бурлівую дыскусію паміж краінамі. Недзе тут, як я вам распавёў пра гэты манеўр, стараюцца недзе нахіліць, недзе прынізіць»…

Якія страты зазнае беларускі бюджэт ад чарговага падатковага новаўвядзення ў Расеі, пакуль невядома. Але аналітыкі адзначаюць, што доўгатэрміновая эканамічная стратэгія Масквы накіраваная на поўную ліквідацыю паліўных субсідыяў для расейскага спажыўца, а значыць – і для Беларусі.

Аляксандр Сінкевіч, эканаміст:

«Ужо ў сярэднетэрміновым плане трэба разлічваць, што цэны на нафту будуць такія ж, як сусветныя… беларускія нафтаперапрацоўнікі ня здолеюць зарабляць столькі валюты, як гэта было ў ранейшыя тлустыя гады».

Цяпер нафтаперапрацоўванне дае Беларусі 15% прамысловай вытворчасці ды траціну экспарту. У 90-я гады, калі Расея прадавала ўнутраным спажыўцам нафту па сусветных коштах, гэтыя паказнікі былі блізкія да нуля.

Расейскі ўрад не выключае, што сусветны кошт нафты налета знізіцца яшчэ ў паўтара разы – да $ 30 за барэль. Адпаведна патаннеюць і нафтапрадукты, якія Беларусь экспартуе. Улічваючы змяншэнне субсідыі на закуп расейскіх вуглевадародаў, прыбыткі айчыннага нафтаперапрацоўвання пагражаюць сысці на нішто ўжо ў наступным годзе.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў