Беларусь: беспілотнікі, ракеты і новы аўтамат. Што падказваюць Украіна і Польшча?




Падчас нядаўняга візіту на палігон пад Івацэвічамі Лукашэнка падзяліўся сваім бачаннем развіцця беларускай абароннай прамысловасці. Яна, між іншага, уключае стварэнне айчыннай стралковай зброі. Ці мае гэта сэнс і ў што дзяржаве лепш інвеставаць час і сродкі, каб сябе абараніць і зарабіць?

На схаваным у лесе палігоне Даманава ў вочы кідалася тэхніка пясочнага колеру – такі камуфляж выкарыстоўваюць у пустэльні. Гэта значыць, прадукцыя ідзе на экспарт. Як, напрыклад, мадэрнізаваны ў Беларусі танк Т-72БМЭ або бронемашыны «Кайман», якія набыў Кот-д’Івуар.

«У нас няма ні вытворчасці гарматаў, ні вытворчасці танкавых рухавікоў, ні аўтаматаў зараджання. Мы мяняем электроннае начынне, бартавую апаратуру. Гэта тое, што нашыя прадпрыемствы заўжды рабілі добра, на ўзроўні найлепшых сусветных узораў. Хто спажывец? Думаю, нашыя сябры на Блізкім Усходзе», – каментуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Лукашэнку паказалі і іншае ўзбраенне – ад сродкаў радыёэлектроннай барацьбы да стралковай зброі. Менавіта на яе звярнуў асаблівую ўвагу кіраўнік краіны: маўляў, аўтаматы і пісталеты трэба мець свае.

«Нам трэба абараніць Беларусь. І пад гэта трэба ствараць сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне. Чаму нашае ўзбраенне? Не факт, што нам дапамогуць, калі раптам нешта здарыцца. Дастаткова прыкладаў, мы бачым паводзіны некаторых тут саюзнікаў. Акрамя Расеі нам разлічваць няма на каго. Ды і на Расею мы не можам на сто адсоткаў разлічваць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Да нядаўняга часу Беларусь распрацоўвала шмат зброі супольна з Украінаю. Былі і буйныя планы супольнай авіяцыйнай вытворчасці, і праекты ракетнай зброі – напрыклад, процітанкавых ракетных комплексаў «Скіф».

«Украіна цяпер – у стане вайны з Расеяй, а Беларусь – у стане саюзнай дзяржавы з Расейскай Федэрацыяй. Што, натуральна, стварае абсалютна неспрыяльныя ўмовы для развіцця вайскова-тэхнічнай супрацы, абароннапрамысловай кааперацыі. У выніку тыя праекты і напрацоўванні, якія Украіна і Беларусь ажыццяўлялі з пачатку вайны з Расеяй, цяпер знаходзяцца ў стане стагнацыі», – кажа віцэ-дырэктар Цэнтру даследавання арміі, канверсіі і раззбраення (Кіеў) Міхайла Самусь.

Улады Беларусі вялікую ўвагу надаюць стварэнню беспілотнікаў і сродкаў барацьбы з імі. Падзеі ва Украіне і Сірыі паказваюць, што гэтая зброя пры адносна невысокім кошце можа наносіць значныя страты праціўніку. Гэтак, з пачатку ўзброенага канфлікту на Данбасе ва Украіне пацярпелі ад пажараў чатыры вайсковыя склады – у Сватава, Калінаўцы, Балакліі ды Ічні. Ёсць вялікая імавернасць, што прычына агню – дыверсіі з выкарыстаннем дронаў.

«Мы дамовіліся, што не шмат у нас будзе цэнтраў, якія распрацоўваюць беспілотнікі. Мы ўжо сёння выяўляем, што нам трэба для арміі, таму трэба абʼяднаць намаганні і стварыць той ударны беспілотнік, які нам патрэбны. Беспілотнікі-выведнікі ў нас добрыя. І мы навучыліся іх выкарыстоўваць», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Апрача беспілотнікаў і робататэхнікі, дзяржава абазначыла, што перспектыўныя кірункі развіцця нашай абароннай прамысловасці на бліжэйшыя гады – ракетныя тэхналогіі і высокадакладная зброя, сродкі радыёэлектроннай барацьбы ды супрацьпаветранай абароны.

Відавочна, што ўлады карыстаюцца і досведам суседніх краінаў у спробах пабудаваць больш-менш незалежнае ад імпарту ўзбраення войска.

«На мяжы 14 года, калі пачалася вайна, перад Узброенымі сіламі Украіны ды іншымі сілавымі ведамствамі Украіны стала пытанне практычна поўнага пераўзбраення. Ва ўмовах фактычна поўнага разрыву сувязяў з расейскімі абароннапрамысловымі прадпрыемствамі Украіна практычна пачала з нуля распрацоўванне і вытворчасць усёй наменклатуры ўзбраенняў і вайсковай тэхнікі», – працягвае ўкраінскі вайсковы эксперт Міхайла Самусь.

Беларусь настолькі радыкальна не аддаляецца ад Расеі, аднак ужо афіцыйныя асобы і дзяржаўныя медыі выказвалі абурэнне з палітыкі ўсходняга суседа, які не проста адмовіўся ад ранейшай практыкі ільготных паставак зброі свайму стратэгічнаму партнёру, а яшчэ і пачаў замяшчэнне беларускай прадукцыі на ўласным рынку ўзбраенняў.

«Улічваючы напружанасць у адносінах ЗША і Расеі, акцыі беларускага ВПК на міжнародным рынку зброі растуць і будуць расці. Бо краіны баяцца, што калі яны возьмуць амерыканскую зброю, трапяць пад санкцыі ці ціск з боку Расеі. Калі купяць расейскую зброю, Злучаныя Штаты пагражаюць ужыць санкцыі супраць іх», – дадае Аляксандр Алесін.

Эксперты адзначаюць, што хоць беларускі ВПК мае шмат перспектыўных распрацоўванняў, якія могуць паспяхова экспартавацца, аднак існуе праблема з паступленнем іх у беларускае войска. Польскія эксперты, напрыклад, задаюцца пытаннем пра мэты стварэння Беларуссю сваіх аўтаматаў і пісталетаў – яна сапраўды для сябе ці для Афрыкі?

«Калі Беларусь развівала прамысловасць стралковай зброі толькі на ўласныя патрэбы, гэта не мела б асаблівага сэнсу: у свеце існуе мноства канструкцыяў зброі, а ўкладзеныя ў развіццё новай стралковай зброі высілкі можна было б скіраваць на іншыя абшары. У больш кароткім часе для беларускага міністэрства абароны мела б сэнс зрабіць новую мадыфікацыю аўтамата АК», – лічыць Павел Флейшар з Інстытуту прагнозаў і міжнародных даследаванняў (Польшча).

Нашыя заходнія суседзі ў межах канцэпцыі «жаўнера будучыні» ўжо 10 гадоў распрацоўваюць уласную стралковую платформу «Грот», на базе якой выпускаюць аўтаматы, кулямёты і снайперскія вінтоўкі. І гэта пры тым, што Польшча выдаткоўвае на абарону 2 % свайго валавога ўнутранага прадукту.

Абаронны бюджэт Беларусі – меншы за адсотак. Гэта самы нізкі паказнік сярод усіх краінаў-суседзяў.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Фота: president.gov.by

Стужка навінаў