Беларусь атрымае крэдыт ад Расеі на $ 110 мільёнаў


Кабінет міністраў РФ падпісаў праект дамовы на выдзяленне Беларусі фінансавага крэдыту на суму $ 110 млн. Вяртаць яго прыйдзецца ў расейскіх рублях.

«Каб пазбегчы трансакцыйных і курсавых рызык, звязаных з разлікам у доларах ЗША, выдача крэдыту, а таксама пагашэнне і абслугоўванне пазыкі будзе праводзіцца ў расейскіх рублях», – паведамляе сайт кабінету міністраў РФ.

Рашэнне аб выдачы крэдыту звязана перадусім з тым, што Беларусь не мае запазычанасцяў перад Расеяй і Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС.

26 сакавіка прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў аб тым, што Менск можа разлічваць на дапамогу Масквы. Аднак нагадаў, што «беларускія сябры таксама павінны аператыўна здымаць праблемы, якія так ці інакш узнікаюць у гандлёва-эканамічнай сферы. І гэта трэба рабіць аператыўна». Звязана гэта з канфіскацыяй тавараў на расейска-беларускай мяжы, якія ішлі з Калінінградскай вобласці транзітам праз Беларусь.

Цягам 2014 года Расея дала Беларусі дзяржаўных крэдытаў у аб’ёме амаль $ 2 мільярды. На пачатку года на суму $ 450 мільёнаў, і ўвосень – $ 1,5 мільярда. Акрамя гэтага, урад РФ даў Менску $ 10 мільярдаў на будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

У гэтым годзе, паводле Лукашэнкі, Беларусь павінна выплаціць $ 4 мільярды па вонкавых запазычанасцях. Усяго Менск павінен крэдыторам каля $ 40 мільярдаў.

ІЧ, belsat.eu

Стужка навінаў