Беларус Арман-Маршал Сіла можа прапусціць Алімпіяду


У крыві спартоўца знайшлі мельдоній.

Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Беларусі «часова адхіліла» 22-гадовага таэквандыста Армана-Маршала Сілу ад удзелу ў спаборніцтвах, што практычна выключае яго ўдзел у Алімпійскіх гульнях-2016.

Прычына рашэння – наяўнасць у допінг-пробе спартоўца мельдонія.

Лекар нацыянальнай каманды Вольга Жарко, сам Арман-Маршал Сіла і ягоная асабістая трэнерка Юлія Сухавіцкая адмаўляюць ужыванне дадзенага прэпарата і ўжо пагадзіліся на праходжанне і праверкі на паліграфе», якая адбудзецца сёння.

Кіраўніцтва федэрацыі  «ўпэўненае ў невінаватасці спартоўца і трэнера»: паводле чыноўнікаў, дадзены сродак Сіла не выкарыстоўваў нават у перыяд, калі прэпарат не ўваходзіў у спіс забароненых – пра гэта сведчаць вынікі аналізу трох допінг-пробаў спартоўца сёлета ў студзені, лютым і красавіку.

«Канчатковыя высновы можна будзе зрабіць толькі паводле вынікаў расследавання», – заявіў намеснік старшыні БФТ Андрэй Чучвал.

«Мы цвёрда ўпэўнены ў невінаватасці Армана-Маршала Сілы і будзем адстойваць гэтую праўду ўсімі магчымымі спосабамі», – кажа Чучвал.

Як паведамляе БФТ, распачатае расследаванне, прымаюцца ўсе меры для вырашэння пытання.

«Арман павінен быў вылецець у Рыа ў панядзелак, аднак яго ўдзел у Алімпіядзе зараз пад сумневам», – гаворыцца ў заяве БФТ.

Сіла выступае ў катэгорыі звыш 80 кг, яго першы выхад на дыван быў запланаваны на 20 жніўня.

Арман-Маршал Сіла – двухразовы чэмпіёнам Еўропы (у 2014-м і 2016-м) у вагавой катэгорыі звыш 87 кг. Ён ўраджэнец Менску, ягоны бацька – з Гвінеі, маці – беларуска.

Ліцэнзію на Алімпіяду Сіла атрымаў у студзені, калі паспяхова выступіў на турніры ў Стамбуле.

ДД, belsat.eu паводле naviny.by; фота: belta.by

Глядзі таксама
Каментары