Падчас затрымання актывіста «Белага легіёну» нібыта канфіскавалі гранаты, драбавік, аўтамат

video

«Цэлы арсенал зброі знайшлі ў кватэры ў актывіста экстрэмісцкай нацыяналістычнай арганізацыі «Белы легіён» Віктара Данілава», паведаміў 22 сакавіка дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».

У сюжэце, які выйшаў у вечаровым выпуску навінаў гаворыцца, што ў «кватэры Віктара Данілава знайшлі гранаты, запалы, дымавыя шашкі, драбавік, аўтамат Калашнікава», а таксама «чырвона-чорны сцяг, прывезены з Украіны, плакат батальёну «Азоў», напамінак байцу добраахвотніцкага батальёну і шаўроны «Беларускага згуртавання вайскоўцаў».

«Прыцягнула ўвагу карціна, на якой намаляваныя баевікі з балаклавамі, у касках, камуфляжнай форме побач з БТРам на фоне беларускага Дому ўраду», – аналізуе сюжэт дзяржаўнае агенцтва belta.by.

«Намаляваны бел-чырвона-белы сцяг. Асаблівая рыса карціны – яна заліта крывёю. Вось так, на іхную думку, выглядае «беларуская вясна», пра якую яны даўно мараць», – кажа закадравы голас у эфіры «Беларусь 1».

Інфармацыю пра знойдзены «арсенал» распаўсюдзіў таксама тэлеканал ОНТ. Аўтары сюжэту апісваюць арганізацыю «Белы легіён» наступным чынам:

«Падчас вулічных акцыяў 90-ых баевікі «Белага легіёну» былі «кулакамі апазіцыі». Яны прарывалі кардоны міліцыі, бралі ўдзел у закалотах разам з украінскімі радыкаламі з УНА-УНСО ў 1996-ым, закідвалі міліцыю камянямі ў 1999-ым. У «нулявых» «Белы легіён» абвясціў, што спыняе дзейнасць. Аднак на самай справе ён толькі залёг на дно, чакаючы свайго часу. Увесь гэты час яго байцы займаліся тым жа, чым і раней: праводзілі трэнінгі ў лясах. Толькі ў прэсе падавалася гэта як патрыятычныя лагеры, дзе дзяцей вучаць «любіць радзіму», – гаворыцца на сайце ОНТ.

21 сакавіка праваахоўнікі затрымалі Алеся Яўдаху. У той жа дзень затрымалі аднаго з экс-лідараў «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага. Акрываўленага Лазоўскага прывезлі дадому людзі ў масках для здзяйснення вобшуку, паведаміла крыніца Belsat.eu. Цяпер, імаверна, ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

Нагадаем, што жорсткія затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі, што ў Беларусі затрымалі баевікоў са зброяй, якія рыхтавалі правакацыю. Нібыта іхныя лагеры былі пад Бабруйскам, у Польшчы, Украіне і Літве.

Паводле ананімнай крыніцы карыстальніка«Twitter» @anton_darm, сёння на вобшукі ў Менску бралі стутэнтаў з юрыдычных факультэтаў. Вось, што яму напісаў адзін з відавочцаў такога вобшуку:

Паводле непацверджанай афіцыйна інфармацыі, затрыманні закранулі і ўдзельнікаў зарэгістраванага спартова-патрыятычнага клубу «Патрыёт» з Бабруйску. Гаворка можа ісці пра амаль дзясятак чалавек.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары