БелАЭС: першую электраэнергію выдадуць на пачатку 2019 года


Першую электраэнергію, выпрацаваную на блоку №1 Беларускай АЭС, плануецца выдаць у сетку ў I квартале 2019 года, паведамляе БелТА.

Цяпер на першым блоку вядуцца мантажныя работы. Яны завершаны на 90%.

«Усё асноўнае рэактарнае і турбіннага абсталяванне ўстаноўлена, пачынаецца паслямантажнае прамыванне», – растлумачыў начальнік рэактарнага цэха станцыі Аляксандр Канюка.

Улетку гэтага года павінны пачацца гідраўлічныя выпрабаванні з цыркуляцыйнай прамываннем. У корпус рэактара будзе ўсталяваная імітацыйная зона (імітуе рэальнае ядравае паліва), контур запоўняць абяссоленай вадой, затым будуць уключаны помпавыя агрэгаты. Вада першага контуру будзе прагрэта да неабходных параметраў, адначасова будзе павышацца ціск.

«Гэта дазволіць пацвердзіць надзейнасць і трываласць мантажу галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода, пасля чаго мы выходзім на наступную фазу – комплекснае выпрабаванне абсталявання і гарачую абкатку. Гэта адна з завяршальных стадый пры падрыхтоўцы да запуску блока», – распавёў начальнік рэактарнага цэха.

Ядравае паліва павінна быць завезена ў канцы гэтага года. Ад расейскага завода-вытворцы на пляцоўку ў Астравец яго плануецца транспартаваць чыгуначным транспартам.

Першы энергаблок Астравецкай БелАЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў снежні 2019 года, другі – у ліпені 2020 года.

З боку суседніх дзяржаваў-чальцоў Еўразвязу праект неаднаразова крытыкаваўся праз небяспеку і экалагічную пагрозу. Афіцыйны Менск заклікі заходніх партнераў спыніць будаўніцтва стала ігнаруе.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў