БелАЭС: пажару не было, толькі кароткае замыканне


Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў Беларускай АЭС апублікаваў афіцыйны каментар у звязку з паведамленнем пра пажар у шчытавой.

Пра пажар паведаміў грамадскі актывіст Мікалай Уласевіч, які правёў уласнае расследаванне здарэння. Паводле інфармацыі актывіста, пажар адбыўся 17 лютага.

Як паведамілі Уласевічу відавочцы, шчытавая згарэла цалкам. Пасля здарэння ў памяшканні шчытавой ужо зрабілі рамонт і ўсталявалі новае абсталяванне.

Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС зняпраўджвае інфармацыю пра пажар.

«17 лютага 2018 года а 13:20 адбылося кароткае замыканне на часовым сілавым кабелі, які забяспечвае электразабеспячэнне вежавага крану і пракладзены па вонкавай бетоннай сцяне аднаго з будынкаў», – гаворыцца ў афіцыйным каментары БелАЭС.

МНС таксама не пацвердзіла інфармацыю пра сур’езны пажар.

Мікалай Уласевіч неаднаразова паведамляў пра здарэнні на будоўлі АЭС. Усе з іх пацвердзіліся.

Уласевіч быў першым, хто ў ліпені 2016 года паведаміў пра падзенне корпуса рэактара падчас спробы яго ўсталяваць. Спачатку афіцыйныя асобы гэтую інфармацыю не каментавалі, аднак пасля шэрагу публікацыяў у медыях пацвердзілі факт няштатнай сітуацыі. Дарэчы, новы корпус рэактара для БелАЭС падчас транспартыроўкі зачапіў чыгуначны слуп.

Беларуская АЭС будуецца непадалёк ад гораду Астравец. Першы энергаблок БелАЭС плануюць запусціць у 2019 годзе, другі – ў 2020-ым.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў