БДІПЧ АБСЕ: Мы не пабачылі нейкага сурʼёзнага прагрэсу на выбарах у Беларусі


Zrzut ekranu 2016-09-12 o 16.28.17

Кент Гэрстэт

Кіраўнік місіі АБСЕ Кент Гэрстэт пракаментаваў парламенцкія выбары.

«Мы не пабачылі нейкага сурʼёзнага прагрэсу», – заявіў кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ Кент Гэрстэт на прэс-канферэнцыі 12 верасня.

Паводле яго, Цэнтрвыбаркам зрабіў шэраг крокаў для ліквідацыі некаторых тэхнічных аспектаў выбараў, але гэта ніяк не паўплывала на выкананне ключавых доўгатэрміновых рэкамендацыяў.

«Сістэма рэгістрацыі выбарнікаў не абараняе ад неаднаразовага галасавання. Выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу, а таксама адсутнасць асвятлення выбараў у медыях не спрыяла стварэнню роўных умоваў для кандыдатаў. Таксама ў выбарчых камісіях было вельмі мала прадстаўнікоў апазіцыі: 50 чалавек з 60 тыс»., – адзначыў Кент Гэрстэт.

І дадаў, што ў саміх выбарах таксама важна мець большую колькасць апазіцыйных кандыдатаў.

«Гэта вельмі канкрэтныя і істотныя недахопы. Мы ўключалі гэтыя тэмы ў нашыя рэкамендацыі неаднаразова. Але, на жаль, мы не пабачылі ніякага сурʼёзнага прагрэсу. Хутчэй наадварот», – заявіў кіраўнік місіі АБСЕ.

Шмат на якіх участках назіральнікі не маглі бачыць падліку галасоў

«На шмат якіх участках назіральнікі адзначаюць немагчымасць назірання за працэдурай падліку галасоў. Папярэднія лічбы, атрыманыя ад нашых статыстаў, кажуць нам пра тое, што каля 24 % назіральнікаў адзначылі, што працэдура была неналежнай. Яны яе не бачылі, іншымі словамі», – пракаментаваў Кент Гэрстэт.

Пры гэтым ён адзначыў «пэўнае паляпшэнне» у пытанні назірання за падлікам галасоў.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН, фотаздымак БелТА

Глядзі таксама
Каментары