Бчб-значкі КДБ, партрэты Пазняка і позва ў БКА. Што можа набыць нацыянальна-свядомы калекцыянер?


За некаторыя лоты на беларускім інтэрнэт-аўкцыёне ў савецкія часы маглі б адправіць у лагер.



Папулярны беларускі інтэрнэт-аўкцыён AY.by прапаноўвае шырокі асартымент прадметаў, што маглі б зацікавіць нацыяналіста. Гэта і манеты ВКЛ з «Калюмнамі», і пасведчанні БСРГ 1920-х гадоў, і перадвыбарчыя плакаты Пазняка 1994 году, і россыпы міліцэйскіх гузікаў з пагонькамі



Кошты – самыя розныя. Плакат з партрэтам Зянона Станіслававіча абыдзецца ў 100 тыс. Бел-чырвона-белы значак пачатку 90-х – ад 50 тыс. і вышэй. Пагоню, знятую некалі з памежнага слупа, можна набыць за 185 тыс. Сапраўдны срэбраны дынар Вітаўта – 400 тыс.



Ёсць, праўда, і ўнікальныя тавары па завоблачных коштах: напрыклад, мабілізацыйная позва ў Беларускую Краёвую Абарону (БКА) 1944 году, кошт – 5 000 000 рублёў! Не дзіўна, за захаванне такой паперчыны можна было ў свой час паехаць валіць лес год на 25.

Нязвыкла і парадаксальна як на сённяшні дзень выглядаюць бел-чырвона-белыя значкі КДБ і МУС, плакаты ахоўных міліцэйскіх кантораў з гербам Пагоня, знак лаўрэату прэміі Савету Міністраў з выявай Дому ўраду пад нацыянальным сцягам і гербам ды шмат якія іншыя лоты.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў