БАЖ заклікае сілавікоў распавесці пра расследаванне справы «Белага легіёну»


«Беларуская асацыяцыя журналістаў» звярнулася ў Следчы камітэт, Генеральную пракуратуру і КДБ з патрабаваннем арганізаваць прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў усіх сродкаў масавай інфармацыі і падаць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расследавання справы «Белага легіёну» («справа патрыётаў»).

БАЖ нагадвае ў звароце, што гэтай справе былі прысвечаныя матэрыялы некаторых дзяржаўных СМІ (тэлеканалы «Беларусь 1», СТВ, ОНТ, газета «СБ Беларусь сегодня» і інш.), заснаваныя, як сцвярджалася ў іх, на інфармацыі следства.

«Пры гэтым, як правіла, не называліся ні аўтары гэтых матэрыялаў, ні службовыя асобы, якія падалі звесткі па крымінальных справах, а самі матэрыялы выглядалі часцяком субʼектыўнымі і аднабаковымі», – мяркуюць у БАЖ.

На погляд БАЖа, інфармацыя, якая распаўсюджваецца шэрагам дзяржаўных СМІ па гэтай справе, парушае роўнасць сродкаў масавай інфармацыі, а таксама права грамадзян на атрыманне дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасці дзяржаўных органаў.

Таму БАЖ заклікае сілавікоў прадставіць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расследавання гэтай крымінальнай справы, а таксама справы аўтараў «Регнума» – Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С. Шыпценкі.

Глядзі таксама
Каментары