БАЖ і БХК звярнуліся ў Канстытуцыйны суд у справе пераследу журналістаў


 

Відэасюжэт «Белсату» пра пераслед журналістаў

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» і «Беларускі хельсінкскі камітэт» накіравалі сумесны зварот у Канстытуцыйны суд Беларусі з просьбай выказацца адносна прававой нявызначанасці, у выніку якой журналістаў прыцягваюць да адказнасці паводле арт. 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У звароце падрабязна апісваюцца сітуацыі, калі беларускія суды накладаюць штрафы паводле арт. 22.9 КаАП («Парушэнне заканадаўства аб СМІ») на фізічных асобаў за супрацоўніцтва з замежнымі медыямі без акрэдытацыямі.

У звароце адзначаецца, што артыкул 22.9 КаАП, а тым больш частка 2 дадзенага артыкула, прадугледжваюць адказнасць за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў. Згодна з дзеючым законам «Аб СМІ», выраб прадукцыі СМІ з’яўляецца выключна прэрагатывай юрыдычнай асобы (п. 20 арт. 1).

У сувязі з гэтым ГА «БАЖ» просіць Канстытуцыйны суд прыняць рашэнне, у якім сфармуляваць канкрэтным дзяржаўным органам Беларусі прапановы па ўнясенні адпаведных зменаў у заканадаўства ў галіне СМІ.

«Мы ўвесь час звяртаем увагу на тое, што дзейнасць міліцыі і судоў у пераследзе журналістаў паводле арт. 22.9 КаАП не адпавядае закону «Аб СМІ. Таму мы просім Канстытуцыйны суд звярнуць увагу дзяржаўных органаў на супярэчнасці ў заканадаўстве і прапанаваць кампетэнтным органам скасаваць супярэчнасці, тым самым спыніць пераслед журналістаў», – гаворыць юрыст ГА «БАЖ» Алег Агееў.

Адзначым, што часта пад пераслед трапляюць журналісты, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам.

НМ, belsat.eu, паводле baj.by

Стужка навінаў