«Базавую велічыню змянілі, каб выцягнуць больш грошай у беларусаў»


Эканаміст Міхал Залескі тлумачыць, як дзяржава будзе выцягваць грошы з кішэняў беларусаў у новым 2016-м годзе.

1 студзеня – дзень росту. Ад сёння ў краіне вырасла мінімальная заработная плата – да 2,3 млн рублёў. А таксама базавая велічыня – са 180-ці да 210-ці тыс. рублёў, што аўтаматычна азначае і рост шэрагу сацыяльных выплатаў, якія вылічваюцца ад яе памеру. Але…

«Гэтак званая базавая велічыня – гэта ўнікальнае вынаходніцтва беларускага эканамічнага «дзіва»! Што яна з сябе ўяўляе? Яна не мае аніякага сэнсу. Гэта нейкая дзіўная захада – каральная і даравальная. І, канешне ж, змяненне яе заўсёды зноў жа павернутае на тое, каб выцягнуць з кішэні, а не ўкінуць у тую кішэнь, бо інакш бы ёй ніхто і не карыстаўся», – мяркуе эканаміст Міхал Залескі.

Выцягваць жа апошнія грошы з кішэні беларуса дзяржава будзе, аднак, не толькі з дапамогаю рознага кшталту штрафаў ды спагнанняў, якія таксама вылічваюцца ад базавай велічыні. Падаражэе тэлефонная сувязь, газ і электрычнасць, праезд у грамадскім і чыгуначным транспарце, афармленне дакументаў, паслугі аўтаінспекцыі і нават рэгістрацыя шлюбаў.

«Гэта будуць падвышэнні коштаў на імпартныя тавары і прадукты, раз. Па-другое, доля імпарту будзе скарачацца. І тут гэтае падвышэнне адабʼецца больш на багатых людзях. А вось тое, што будуць падвышацца кошты на масавыя прадукты, якія спажывае насельніцтва, найперш – харчовыя, адабʼецца на бедных», – працягвае Міхал Залескі.

Зрэшты, спрагназаваныя кошты ужо растуць. Ад 1 студзеня падаражэлі асобныя маркі цыгарэтаў. У Новы год, як той казаў, – з новымі цэнамі!

Стужка навінаў