Баявік ДНР з Рэчыцы атрымаў 2 гады «хіміі»


Фота - TUT.by

Гомельскі абласны суд 16 лістапада вынес прысуд 41-гадоваму жыхару Рэчыцы за ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы (арт. 361-3 ч.1 КК РБ). Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Віталя Мітрафанава доўжыўся два тыдні.

Прадстаўнік Гомельскага аблсуда Вольга Барсукова паведаміла belsat.eu, што падсудны быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні адной з супрацьлеглых бакоў, а роўна ўдзеле ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без ўпаўнаважання дзяржавы і пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага ст.133 КК Рэспублікі Беларусь (найміцтва). На падставе ч.1 ст.361-3 КК Рэспублікі Беларусь яму прызначана пакаранне ў выглядзе 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Да ўступлення прысуду ў законную сілу мера стрымання жыхару Рэчыцы змененая на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах – яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда. Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

Паводле TUT.by, Віталь Мітрафанаў знаходзіўся на тэрыторыі ДНР з красавіка па чэрвень 2017 года. Там ён, паводле звестак следства, ахоўваў розныя склады і нёс баявое дзяжурства ва ўзброеным фармаванні. Напачатку ліпеня мужчына вярнуўся ў Беларусь і праз некалькі тыдняў быў затрыманы і ўзяты пад варту.

Абвінавачаны жанаты, раней судзімы. Нягледзячы на ​​тое, што мужчына мае беларускае грамадзянства, ён з’яўляецца выхадцам з расейскага Ніжневартаўска.

Падчас судовага паседжання Мітрафанаў прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым.

Гэта ўжо другі прысуд за ўдзел у вайне на Данбасе. Нагадаем, 26 верасня на сайце Віцебскага абласнога суду зʼявілася паведамленне: 29-гадовага Аляксея Яршова з Паставаў пакаралі 2 гадамі хатняй хіміі паводле ч.1 арт. 361-3 – удзел у баявых дзеяннях за мяжой. Паседжанне праходзіла ў закрытым рэжыме. У інтэрвʼю belsat.eu Яршоў распавёў, што ўдзельнічаў у вайне на баку ДНР з сакавіка 2016 па травень 2017 году. Праз месяц пасля прысуду Яршоў вярнуўся на Данбас, каб зноў ваяваць супраць Украіны.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары