Бацюшку са свастыкай прысудзілі 3 гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму

video

Суд Заводскага раёну Менску прызнаў святара-спартоўца з Гатава вінаватым у захоўванні зброі і боепрыпасаў і прысудзіў да 3 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.

На абвяшчэнне прысуду прыйшлі ягоны сваякі, сябры ды прыхаджане. Пракурор прасіла для Бурыкіна 3 гады пазбаўлення волі.

Паводле прысуду, патроны знішчаць, пісталет і рэвальвер сканфіскуюць. Канстанцін Бурыкін заявіў пасля суду, што падумае над тым, каб абскардзіць прысуд.

Знаходжанне ў ізалятары (ад лістапада 2016 года) залічыць у тэрмін: адзін дзень у ІЧУ – адзін дзень у калоніі.

«Бацюшку са свастыкай» затрымалі ў лістападзе 2016 года. Яго родныя тлумачылі арышт тым, што святар перайшоў камусьці дарогу ў Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу, якую Бурыкін узначальваў апошнія гады.

На судзе Бурыкін распавядаў, што тры патроны, што ляжалі ў яго ўдома, знайшоў дзесьці старэйшы сын, а пісталет і рэвальвер, што фігуруюць у справе, проста ляжалі ў сейфе з пачатку 2000-х гадоў, як памяць аб арганізацыі «РНЕ» («Русское национальное единство») – расейская неанацысцкая арганізацыя, якая не прызнае існавання беларускага народу і мовы і агітуе за далучэнне Беларусі ды Украіны да Расеі, у тым ліку гвалтоўным шляхам. У 2000-ых ён быў духоўным настаўнікам гэтай неафашысцкай арганізацыі.

Бурыкін таксама прызнаўся, што сустракаўся з чальцамі арганізацыі з блаславення патрыярхату, і даваў справаздачы патрыярху Філарэту, тагачаснаму кіраўніку Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі.

Зброю ў святара РНЕ знайшлі выпадкова. Паводле сведак вобшуку, дома ў Канстантына Бурыкіна следчыя шукалі літаратуру фашыскага характару.  Сярод іншага ў яго знайшлі ваенную кінахроніку Трэцяга Райха. Бацюшка трымаў удома карціну, дзе ён з сямʼёй у эсэсаўскай форме.

Увагу прыцягнула і дамашняя жырандоль святара: калі яе запаліць, на столі зʼяўляецца гітлераўская свастыка. Аднак абвінавачанне паводле артыкулу «распальванне нацыянальнай варожасці» яму не высунулі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары