Бацька загінулай на бульбе школьніцы будзе далей змагацца за справядлівасць


Суд Маладзечанскага раёну пастанавіў, што пазоў Алега Папчэні да «Усход-Агра» не падлягае задавальненню. Паводле пастановы суду, 13-гадовая Вікторыя Папчэня на поле не працавала, а выхоўвалася. Бацькі будуць абскарджваць рашэнне.

Алег Папчэня патрабаваў устанавіць факт працоўных дачыненняў паміж ягонай дачкой і калгасам, куды 29 верасня дзяцей адвезлі на збор ураджаю. Ейныя бацькі намагаліся давесці, што трагічны інцыдэнт не проста няшчасны выпадак, а наступства незаконных працоўных дачыненняў з «Усход-Агра». Прызнанне працоўных дачыненняў дазволіла б бацькам дзяўчынкі атрымаць адпаведныя кампенсацыі.

Суд пастанавіў, што выезд адбываўся ў межах вучэбна-выхаваўчага плану маладзечанскай школы. Адмова суддзём факту працы грунтавалася на тым, што, па-першае, на полі ў той момант фармальна не было асобы, якая б магла прыняць на працу, а, па-другое, не было вакантных штатных адзінак.

«Як раней гаварылі дабровальна-прымусовая праца. Гэта ўсё роўна праца. Яны ж там не вучылісь, чаму яны маглі вучыцца на полі, і хто іх там выхоўваў? Гэта праца, а аплатай было вядро бульбы. Будзем падаваць касацыйную скаргу. Гэта, чаго мы хацелі дамагчыся, і пакуль не змаглі», – пракаментаваў сітуацыю «Белсату»  Алег Папчэня.

Раней Упраўленне адукацыі па Менскай вобласці праводзіла ўласную службовую праверку інцыдэнту. Там прыйшлі да меркавання, што працоўныя адносіны паміж школьніцай і ААТ усё ж былі – таму рэкамендавалі аддзелу адукацыі ў Маладзечне звярнуцца па расследаванне няшчаснага выпадку ў інспекцыю па працы.

Аднак там Папчэням адмовілі ў правядзенні адмысловага правярання. Маўляў, дзяўчынцы не было чатырнаццаці гадоў, а значыць, не магло быць працоўных дачыненняў і, як наступства, выпадку на вытворчасці.

У выніку суд пастанавіў прыцягнуць па справе ў якасці суадказніка аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкама, а таксама Дэпартамент дзяржінспекцыі па працы.

Трагедыя здарылася больш за два месяцы таму на полі сельскагаспадарчай арганізацыі «Усход-Агра». Дасюль крымінальныя справы распачатыя супраць кіроўцы, які наехаў на трынаццацігадовую Вікторыю Папчэню, і двух настаўнікаў школы № 11 у Маладзечна, якія суправаджалі вучняў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў