Бацькі Уладзіміра Кондруся: Нядаўна санкцыі знялі, а чалавек зноў сядзіць за тую Плошчу


kondrus

Уладзімір Кондрусь

Бацькі затрыманага Уладзімір Кондруся распавялі пра стан свайго сына.

9 жніўня, упершыню за два месяцы арышту, бацькі наведалі Уладзімір Кондруся, які знаходзіцца ў менскім СІЗА-1.

Дамагчыся спаткання было цяжка, але нарэшце следчы дазволіў, распавядаюць бацькі ў размове з «Нашай Нівай».

«Сын ляжаў на той час у санчастцы СІЗА. У пакой для спатканняў яго вынеслі на насілках, пасадзілі на крэсла. Мы гаварылі праз шкло, па трубках накшталт тэлефонных – дык ён [Уладзімір] не мог сам трубку трымаць, яму трымаў нейкі зэк. Сын аніякі зусім.

Мы прыйшлі, а ён нават не мог сканцэнтравацца, пачаць [размову]. Той яго за плячо – і тады ён вокам глянуў на нас, зразумеў, што бацькі прыйшлі. Размаўляў ледзь-ледзь.

Мутны стан у яго, але ж што ж – чалавек два месяцы не еў, – распавядае бацька, Уладзімір Расціслававіч. – Але Валодзя ўсё разумее. Ён сказаў, што яго ванітуе крывёю, што ў яго крывацёк са страўніка.

Спатканне працягнулася хвілін з пяць – больш ён не вытрымаў, сам папрасіўся, кажа: «Я хачу пайсці». Яму дрэнна было, цяжка, нібыта засынае».

Бацькі пераканалі Уладзіміра, што трэба пачаць есці. Ён пагадзіўся. Пагадзіўся ўзяць і чыстую вопратку.

Адразу пасля спаткання маці Уладзіміра Галіна Васільеўна дамаглася сустрэчы з доктаркай з санчасткі СІЗА. Таксама бацькі дамагліся, каб Уладзіміра перавялі ў рэспубліканскую турэмны шпіталь, якая знаходзіцца там жа, на Валадарцы.

Акрамя таго бацькам паабяцалі, што іх сыну нарэшце зробяць зонд. Ва Уладзіміра язва, з-за яе ён нават не служыў у арміі. І падчас спаткання ён распавёў бацькам, што просіць дактароў у санчастцы, каб яму зрабілі зонд, праверылі, але тыя адмаўляюць. Таксама Уладзімір скардзіўся, што прасіў абязбольвальных, але дактары гэтыя просьбы таксама праігнаравалі.

«Праўда, у бліжэйшы час зонд зрабіць немагчыма – у яго страўнік стаў зусім маленькі, вось такі, – Кондрусь-старэйшы паказвае кулак. – Трэба каб ён пачаў есці, каб страўнік трохі расцягнуўся. Мы набылі Валодзю сумесяў, якімі дзяцей кормяць, згушчонкі, перадалі гэта ўсё. Ён ужо пагадзіўся ўзяць. Будуць яго карміць».

На цяжкі стан Уладзіміра паўплывала і тое што першапачаткова, абвясціўшы галадоўку, ён адмаўляўся нават піць ваду. Гэта таксама дадало праблем са здароўем.
Пакуль Уладзімір будзе ў рэспубліканскім турэмным шпіталі, спатканне з ім бацькам не дадуць. Але яны і не настойваюць, для іх пакуль галоўнае, каб сын пачаў есці.

«Можа, паведаміць на Захад, каб паднялі шум»

«Яшчэ адно, чаго мы хочам – каб яму змянілі артыкул. Бо яго справа – аб удзеле ў масавых беспарадках. Але чаму кваліфікавалі менавіта так? Чаму не хуліганства? – пытаюцца бацькі. – Мы ж ведаем, што некаторых удзельнікаў Плошчы судзілі за хуліганства, чаму тады Валодзю выпаў такі артыкул, за цяжкае злачынства?».

Самі яны кажуць, што ўжо пісалі «шмат куды». Але гэта пакуль не паўплывала ні на што.

«Што рабіць, мы не ведаем. Можа яго кіраўнік краіны памілуе неяк? Хутка ж выбары… Ці паведаміць куды на Захад, каб там паднялі шум? Бо толькі нядаўна ж санкцыі знялі, а тут ізноў чалавек за тую Плошчу сядзіць, – разважаюць бацькі Уладзіміра. – Каб можа палякі нейкія даведаліся, дыпламаты, замежнікі, дык яны б паўплывалі там можа на нашых паслоў, тыя б вярнуліся ў Беларусь і сказалі, што вось, такі працэс абмяркоўваюць на Захадзе…

Можа дайшло б да Адміністрацыі прэзідэнта, бо можа там і не ведаюць… А то тут што? Газеты мала чытаюць, на дзяржканалах пра гэтую справу не скажуць, у дзяржаўных газетах не напішуць. І хто пра яе ведае? Апазіцыя, і ўсё…».

Пакуль што Кондрусі чакаюць, каб іх сын ачуняў. Ім не проста і маральна, і матэрыяльна – трэба ж плаціць адвакату, а грошай мала, абодва ж пенсіянеры. Раней яны кармілі дарослага сына, які прынцыпова адмаўляўся выходзіць на работу – Уладзімір казаў, што не будзе працаваць на гэтую ўладу (праўда, па хатніх справах заўсёды дапамагаў). Але ж сёння ў іх выдаткі зусім іншыя. Адвакат, перадачы…

Таксама бацькі баяцца, што суд прызнае Уладзіміра вінаватым. Бо іх сын можа ізноў пачаць галадаць. Да таго ж, упэўненыя бацькі, ён прашэнне аб памілаванні пісаць не будзе – таму Уладзіміру прыйдзецца сядзець цэлы тэрмін.

Нагадаем, жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 1977 года нараджэння быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дому ўраду падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, шмат з іх з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Менску.

Бацькі, сястра і адвакат Уладзіміра не могуць распавесці СМІ падрабязнасці справы – яны далі падпіску аб неразгалошванні.

НМ, belsat.eu, паводле «Наша Ніва», фотаздымак spring96.org

Глядзі таксама
Каментары