БАТЭ саступае другі раз у чэмпіянаце


А Алег Страхановіч са «Славіі» праводзіць свой 500 матч у беларускай эліце.

За ўвесь мінулы чэмпіянат Беларусі БАТЭ прайграў толькі раз, а за дзесяць паядынкаў новага сезону нязменны чэмпіён краіны саступіў ўжо двойчы: 17 траўня – наваполацкаму «Нафтану» (2: 3), сёння – мазырскай «Славіі» (1: 2).

На 40-й хвіліне лік адкрыў адкрыў Алег Страхановіч. На 53-й хвіліне Ігар Стасевіч яго зраўняў, а пераможны гол «Славіі» прынёс грузінскі легіянер Папуна Масемгвдлішвілі.

Алег Страхановіч стаў трынаццатым беларускім футбалістам, якому ўдалося згуляць паўтысячы паядынкаў элітнага ўзроўню. Ён стаў членам клубу Сяргея Алейнікава, названага ў гонар першага беларускага футбаліста, які адыграў 500 матчаў у кар’еры. Сёння гэты спіс ўзначальвае абаронца салігорскага Шахцёра Аляксандр Юрэвіч, на ягоным рахунку 683 матчу вышэйшага ўзроўню. Таксама ў элітны клуб ўваходзяць Аляксандр Глеб, Дзмітрый Ліхтаровіч, Сяргей Гурэнка, Аляксандр Кульчый, Валянцін Бялькевіч, Раман Васілюк, Андрэй Зыгмантовіч, Віталь Радзівонаў, Андрэй Лявончык і Аляксей Панкавец.

Страхановіч уваходзіць таксама ў клуб беларускіх бамбардзіраў: на ягоным рахунку 105 галоў, 85 з іх Алег забіў у межах беларускіх чэмпіянатаў. 36-гадовы паўабаронца – чэмпіён Беларусі і Літвы, срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі і Казахстану, уладальнік Кубка Беларусі. Страхановіч выступаў за нацыянальную зборную Беларусі, а таксама абараняў колеры берасцейскага і менскага «Дынама», БАТЭ, МТЗ-РІПА, «Славіі», літоўскага «Каўнаса» і «Таболу» з казахстанскага Кастанаю.

Алесь Ляўчук, belsat.eu; фота: by.tribuna.com

Стужка навінаў