Батальён «Хамон»: расейскі дэпутат прапанаваў адпраўляць санкцыйныя прадукты на Данбас


Санкцыйныя прадукты, што належыць знішчыць, трэба накіроўваць жыхарам Данецкай і Луганскай вобласцяў. Адпаведны зварот да міністра сельскай гаспадаркі Аляксандра Ткачова накіраваў дэпутат Дзярждумы Андрэй Крутаў, паведамляе izvestia.ru.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Вайна на ўсходзе Украіны абярнулася самай сапраўднай гуманітарнай катастрофай. Данбасу дапамагае МНС Расеі і фонды, але гэтай дапамогі бракуе, – адзначае ў запыце дэпутат. – У самым гаротным стане знаходзяцца маленькія гарады і вёскі. Праблема пагаршаецца тым, што кіеўскія ўлады фактычна ўвялі блакаду гэтых рэгіёнаў. Прашу Вас разгледзець магчымасць прадугледзець у адпаведнай пастанове ўраду не толькі пытанне пра знішчэнне прадуктаў, але і магчымасць адправіць гэтыя прадукты жыхарам Данбасу», – цытуе выданне зварот дэпутата.

Паводле дэпутата, Расея ўжо адправіла на Данбас 34 гуманітарных канвоі.

Нагадаем, што 24 ліпеня кіраўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў папрасіў Уладзіміра Пуціна дазволіць знішчаць на мяжы забароненую прадукцыю, што трапіла пад эмбарга. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў гэтую ідэю.

Чытайце таксама >>> Беларускія плыні шэрага імпарту

31 ліпеня расейскі ўрад прыняў пастанову «Аб парадку знішчэння сельскагаспадарчай прадукцыі, забароненай да ўвозу ў Расею», паводле якой з 6 жніўня ўсе санкцыйныя прадукты, што трапяць на тэрыторыю РФ, неабходна знішчыць.

Раней гучалі прапановы аддаваць санкцыйныя прадукты бедным і ўцекачам з Украіны. Некаторыя прапаноўвалі знішчаць забароненыя прадукты «метадам з’ядання». Аднак дасюль невядома, наколькі легальным будзе гэты метад. У пастанове зазначана, што для знішчэння забароненых прадуктаў можа падыйсці любы спосаб, які не парушае заканадаўства ў галіне навакольнага асяроддзя.

Варта адзначыць, што ўрадавая пастанова забараняе толькі ўвозіць санкцыйныя тавары, чым паспяхова карыстаюцца рытэйлеры. У пачатку ліпеня ЗАТ «Тандер», якое працуе пад брэндам «Магніт», выйграла суд у Расспажыўнагляду, які аштрафаваў піцерскую краму за продаж французскага сыру, піша kommersant.ru. Арбітражны суд Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці прыйшоў да высновы, што забарона на ўвоз прадукцыі не раўназначны забароне на яе продаж.

У чэрвені 2015 г. Масква працягнула дзеянне харчовага эмбарга да 6 жніўня 2016 г. у дачыненні ЗША, Аўстраліі, Канады, Нарвегіі ды краінаў ЕЗ у адказ на заходнія санкцыі ў сувязі з расейскаю анексіяй Крыму.

ЮВ, belsat.eu, паводле izvestia.ru, kommersant.ru

Стужка навінаў