Баскетбаліст Уладзімір Верамеенка: расейцы і беларусы – гэта адзін народ


У інтэрв’ю расейскаму выданню самы вядомы на сённяшні дзень беларускі баскетбаліст Уладзімір Верамеенка заявіў, што не бачыць ніякай розніцы паміж расейцамі і беларусамі.

Спартовец, які чатыры разы прызнаваўся лепшым баскетбалістам Беларусі, заявіў, што ў Еўропе яго часта называлі «рускім», але ён на гэта не крыўдзіўся.

«Я наагул упэўнены, што ў нас адзін народ. Адзінае, чым мы адрозніваемся – гэта гаворкай. А ў астатнім я не бачу ніякай розніцы паміж людзьмі, якія жывуць у Менску, Казані, Гомлі або Ніжнім Ноўгарадзе. Дарэчы, калі я ездзіў на драфт у НБА, а потым і ў Летнюю лігу, мяне ўсё таксама лічылі расейцам. І пабойваліся (смяецца). Амерыканцы любяць кпіць з навічкоў, але пра мяне заўсёды казалі: «Гэта ж Вова з Расеі. Не чапайце яго, а то ўлупіць!» – заявіў Верамеенка гарадскому сайту Ніжняга Ноўгарада.

33-гадовы баскетбаліст выступаў у Турцыі, Іспаніі, Італіі і Нямеччыне, але большую частку сваёй карʼеры правёў у Расеі. Зараз Уладзімір Верамеенка выступае за «Ніжні Ноўгарад».

У 2015 годзе беларускі футбаліст Цімафей Калачоў дазволіў сабе падобнае выказванне:

«Заўсёды лічыў Расею роднай і блізкай краінай. Тым больш у мяне тата – беларус, а мама – расяянка. Так што для мяне наагул адрозненняў няма – адныя і тыя ж людзі. І да Расеі стаўлюся выдатна. Наагул, ідэальна, калі б мы былі адной краінай», – заявіў гулец «Растову» у інтэрвʼю выданню «Прессбол».

Пасля рэзкай асуджальнай рэакцыі беларускіх заўзятараў Калачову прыйшлося тлумачыцца і заяўляць, што яго не правільна зразумелі. Больш падобных выказванняў футбаліст сабе не дазваляў. Падобна на тое, што такой жа рэакцыі варта чакаць і Верамеенку – на беларускіх спартовых форумах зʼявіліся дзясяткі каментароў, якія асуджаюць баскетбаліста.

Глядзіце таксама:

СА, belsat.eu, паводле nn.ru, фотаздымак brosebamberg.de

Стужка навінаў