Барселона стараецца прыйсці ў сябе пасля тэракту

video

14 асобаў загінулі ў выніку двух тэрактаў у Каталоніі. Сёння ад атрыманых раненняў памерла жанчына, пацярпелая ад атакі ў горадзе Камбрылс уначы пасля нападу ў Барсэлоне. Пакуль увесь свет выказвае салідарнасць з каталонцамі, іспанская паліцыя працягвае пошукі выканаўцаў замаху. У час спробы тэракту ў Камбрылсе праваахоўнікі забілі пяцёх меркаваных тэрарыстаў.

Захады бяспекі на вуліцах іспанскіх гарадоў узмоцненыя

Ранішняя Барсэлона спрабуе апрытомнець пасля тэракту, трагічным рахункам якога сталіся 13 смяротных ахвяраў і больш за сотню пацярпелых.

«На зямлі былі раскіданыя шлёпанцы, акуляры ды ежа. Людзі хаваліся ў барах, вельмі напужаныя. Жахліва! Я ніколі нічога такога не перажываў, і гэта сапраўды шок», – кажа кіроўца Мігел.

Адная з самых турыстычных вуліцаў усёй Еўропы

Ла-Рамбла – у сваёй гісторыі такой трагедыі раней не зазнавала. Сярод дня невядомы скіраваў фургон на мінакоў.

Замах на вуліцы Ла-Рамбла не стаўся апошні. Усяго праз некалькі гадзінаў у горадзе Камбрылс невядомыя спрабавалі паўтарыць барсэлонскую атаку з выкарыстаннем фургона. Паліцыя забіла пяцёх меркаваных тэрарыстаў, ад наезду фургона адная асоба загінула, ёсць пацярпелыя. А ў яшчэ адным каталонскім горадзе, Алканар, увечары адбыўся выбух падчас вырабу выбухоўкі.

Паліцыя ўпэўненая, што ўсе тры інцыдэнты – частка адной вялікай схемы

Галоўны падазраваны – 18-цігадовы Муса Укабір. Ён, як мяркуюць, быў за стырном фургона ў барсэлонскай атацы, паліцыя шукае маладзёна.

Муса – брат затрыманага раней Дрыса Укабіра. Агулам затрымалі трох асобаў.

Напад у сталіцы Каталунні стаўся ў Іспаніі першы з 2004-га года. Тады выбухі ў Мадрыдзе, зладжаныя групоўкай «Аль-Каіда», забралі жыцці 191-ой асобы, параненыя былі больш за дзве тысячы. Пасля той трагедыі іспанскія спецслужбы істотна ўзмацнілі ўсе сродкі барацьбы з міжнародным тэрарызмам. Менавіта дзякуючы ўзмоцненай працы паліцыі, мяркуюць эксперты, Іспанія мела трынаццаць гадоў без тэрору.

Трагедыя ў Барсэлоне – не выключна іспанская

У тэракце ў адным з самых турыстычных гарадоў Еўропы пацярпелі грамадзяне больш як трох дзясяткаў краінаў: Нідэрландаў, Аўстраліі, Нямеччыны, Аргентыны, Алжыру, Бельгіі, Францыі.

У памяць пра ахвяры ды на знак салідарнасці з параненымі ў тэракце, сярод якіх 26 французаў, сімвал Парыжу, Эйфэлева вежа, была загашаная.

Беларусаў сярод пацярпелых няма, паведамляе МЗС нашае краіны, але ведамства працягвае сачыць за сітуацыяй і збіраць інфармацыю. У другім тэракце, у горадзе Камбрылс, была параненая грамадзянка Расеі.

Дзясяткі чалавек застаюцца ў шпіталях, шмат асобаў у цяжкім стане. У Іспаніі абвесцілі трохдзённую жалобу.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары