«Бароліся, трэба ж гэта неяк адзначыць... Малайцы!»


Пакуль у рэгіёнах людзі зарабляюць нават усяго толькі Br 900 тыс. на месяц, улады на падаткі беларусаў усталёўваюць пампезныя помнікі.

Гэтак, у Магілёве паўстаў мемарыял чэкістам – фактычна, беспрэцэдэнтная зʼява ў Беларусі, калі ў краіне ўвекавечваюць памяць забойцаў соцень тысяч беларусаў. Што праўда, гэты факт не спыняе ад ухвалення помніка чэкістам апытаных намі магілёўцаў.

«Бароліся, трэба ж гэта неяк адзначыць… Малайцы!», – прызнаецца мінак.

«Яны верылі ў гэтае, а веру забраць нельга, нават калі яны памыляліся», – зазначае іншы жыхар Магілёва.

Але не толькі чэкісты ў пашане. Пад Менскам сумнавядомая «Лінія Сталіна», якая носіць імя галоўнага забойцы савецкай дзяржавы – запрашае бацькоў і дзетак на сустрэчу з Дзедам Марозам.

Рэжысёрка Галіна Самойлава, аўтарка фільму «Лінія Сталіна на дзіцячай далоні», зазначае, што святкаванне Новага году ў гэтым мемарыяле і захаванне памяці ляжаць на розных маральных узроўнях.

«Яны там будуць добра сябе адчуваць. З Дзедам Марозам і Снягурачкай. Ды яшчэ калі сані пусцяць па ўсіх гэтых прасторах! Яны ж не ведаюць сучаснага. Яны не ведаюць гора, гэтыя дзеці. Быў бы там музей сучаснай ваеннай тэхнікі – ды калі ласка, рабіце што заўгодна! Толькі навошта прыкрывацца гэткімі рэчамі?», – тлумачыць рэжысёрка Галіа Самойлава.

Падчас кіравання краінай Сталіным нават і дзеці зазналі на сабе бязлітасную машыну рэпрэсіяў, хоць дакладнай лічбы загінулых няпоўнагадовых беларусаў сёння не можа назваць ніхто. Уладзімір Раманоўскі, які нарадзіўся ў Гулагу, быў сведкам гэткіх жудасных трагедыяў.

На думку адмыслоўцы, сённяшняя «Лінія Сталіна» на падсвядомым узроўні закладае ва ўспрыманне дзяцей вобраз тырана ў светлым абліччы.

«Алексіевіч неяк сказала, што любая дыктатура прымітыўная. Але тым не менш яна спрабуе выжыць. Вось яна, гэтая дыктатура, прымітыўнымі спосабамі і працягвае выжываць, пачынаючы з дзяцей, з іх выхавання», – распавядае Уладзімір Раманоўскі, ахвяра Гулагу.

Пакуль у былых краінах СССР развітваюцца з савецкай спадчынай, у Беларусі не толькі не спяшаюцца гэтага рабіць, але і вяртаюць тое, што часам сімвалізуе тэрор, забойствы і чалавечыя пакуты.

Віталь Бабін, Белсат

Стужка навінаў