Бард Алег Сухараў: «Тысячы забітых, мільёны бежанцаў… такі наш кошт свабоды»


Як украінцам зараз бачацца падзеі гадавой даўніны – расстрэлы на Інстытуцкай, перамога Рэвалюцыі Годнасці, анексія Крыму? У такіх выпадках слова звычайна бяруць палітыкі, але але ў гадавіну падзей на Майдане «Белсат» распытаў музыку.

Алег Сухараў не ўпершыню ў Беларусі. Горадня, Менск, Магілёў, Вілейка… – усё гэта звыклыя для вуха спевака назвы. Недзе, каб паслухаць музыку ў стылі бард-рок збіраюцца залі, недзе – кватэрнікі, што дастаткова для акустычнай праграмы. У гэтым годзе сваю вандроўку па Беларусі Алег пачаў з Горадні, дзе выступіў у галерэі «Крыга».

З абодвума сваімі праектамі – «Самі Свої» і «Гречка є» – Алег выступаў са сцэны Майдану прыкладна год таму, хоць, як сам прызнаецца, ісці напачатку наагул не збіраўся і крытычна ставіўся да чарговых вулічных пратэстаў.

Пра наступствы Рэвалюцыі Годнасці, рэформы, вайну, расейцаў і ўкраінскую мову «Белсат» распытаўся ў сённяшняга ўкраінскага госця.

Хутка міне год ад расстрэлаў на Майдане і Рэвалюцыі Годнасці. Што ты адчуваеш напярэдадні такой даты?

– Калі толькі пачаўся Майдан, першае збіццё студэнтаў, я акурат быў у Расеі на гастролях, пасля ў Беларусі. Не маючы змогі нават зайсці нармальна ў інтэрнэт, я яшчэ не мог разабрацца што да чаго. Разумееш, пасля Памаранчавай рэвалюцыі ў вялікай колькасці ўкраінцаў быў скепсіс адносна магчымасці абараніць на Майдане сваю годнасць. Але так атрымалася, што Януковіч сваімі дзеяннямі за тры гады зноўку падняў украінскі народ на паўстанне.

Што я магу сказаць праз год? Безумоўна, я ганаруся ўкраінскім народам, які паўстаў і скінуў тырана. Нягледзячы нават на тое, што ў рэзультаце мы атрымалі анексію Крыму і вайну на Данбасе. Нехта і зараз спрабуе рабіць такія закіды, маўляў, «вось да чаго давёў ваш Майдан…» Але гэта частка несвядомых людзей, якія больш думаюць пра каўбасу, чым пра свабоду.

Што ты можаш адказаць такім людзям?

– Ты ведаеш, можа гэта мой такі характар, але я з такімі людзьмі ў дыскусію не ўступаю. Калі чалавек за год не зразумеў, што адбываецца, дык пра што размаўляць?

Перад тым, як пачаліся расстрэлы на Майдане, Януковіч узяў у Расеі вялізны крэдыт, здаецца, 17 мільярдаў. Гэтыя грошы б раскралі, як раскрадаліся заўжды, і Крым адышоў бы ўсё адно да Расеі. Мажліва, як аўтаномія спачатку… але ўсё адно б забралі.

Так, зараз лік забітых дасягнуў тысяч, хоць пачыналася ўсё з Нябеснай сотні. Дзесяць тысяч параненых. Мільёны бежанцаў… Такі наш кошт за свабоду.

Як лічыш, чаму шалёны ціск уладаў, выкраданні, растрэлы не зламілі Майдан?

– Пасля 19 студзеня, расстрэлаў на Вадохрышча, пачаўся надзвычай складаны перыяд на Майдане і людзі пачалі ехаць з усёй Украіны. Мы тады заходзілі ў Палац Прафсаюзаў, размаўлялі з камендантамі Майдану. Нам распавядалі, як на жытомірскай трасе ДАІ спыняла машыны тых, хто ехаў у Кіеў і людзі ішлі пешкі, уяўляеш?

Чым большы быў ціск уладаў, тым большым быў адказ людзей. Пабілі студэнтаў, а на наступны дзень выйшлі дзясяткі тысяч. Тыя ж законы 16 студзеня – «дыктатарскія законы» – я не разумею, каму яны былі патрэбныя падчас такой напружанай сітуацыі. То бок, як толькі атмасфера астывала, улады самі падлівалі масла ў агонь!

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Адкуль людзі ведалі, чаму ішлі?

– Я лічу вялікім дасягненнем нашай журналістыкі, што ўвесь Майдан трансляваўся онлайн – 5-й канал, 100+, Еспресо, Громадське, Спільне ТВ і г.д. То бок калі я бачу а 4-й ночы, што на Грушэўскага прарываюць барыкаду, у мяне няма пытанняў, што адбываецца і як – я ўсё бачу, лічы, на свае вочы.

Адчуваўся дух самаахвярнасці. Гэта і дзяўчаты маладзенькія, якія былі медыкамі, і выцягвалі параненых з-пад куляў. І хлопцы, якія кідалі шыны ў агонь, лезлі самі і ў полымя, і пад халодную ваду з вадамётаў. Гэта ж гераізм, калі б’юць з вадамётаў, а хлопец вылазіць на барыкаду, скідае вопратку і паказвае рукой трызуб. Гэта азнака сілы духу.

Табе як музыку прафесійнае пытанне: творчая асоба мае нейкі абавязак перад народам ці гэта патрыятычная казка з ХІХ ст., як лічыш?

– Так, падчас Майдану мне званілі і пісалі ў сацсетках, пыталіся «што рабіць?», калі ніхто не ведаў, што рабіць. Але ў такі час паўстае пытанне пра тваю адказнасць за чыёсьці жыццё. Скажаш: «так, трэба ісці!», чалавек пойдзе і яго там застрэляць… Я не бяру на сябе такую адказнасць. Ёсць мая творчасць і кола слухачоў, а ёсць я як чалавек і таксама частка гэтага соцыюму. Той жа Вакарчук максімальна праявіў сваю актыўнасць, і выступаў, і спяваў, і ездзіў чытаў лекцыі… Да кагосьці больш прыслухоўваюцца, да кагосьці менш. Я, напрыклад, магу персанальна сказаць як я лічу, ісці ці не ісці.

А пра тое, што Украіну трэба бараніць, ужо няма аніякай дыскусіі, што тут казаць?

– Зараз зразумела, што гэтым трэба займацца ўвесь час, а не разава. Прайшоў гэты момант рамантыкі, калі думалася, што ўсе перашкоды можна адолець адным рыўком. Зробім яшчэ штосьці – і ўсё будзе добра. Не, так не будзе. Бо вораг таксама не адпачывае ані хвіліны.

Пасля Майдану-2004 быў скепсіс таксама і з-за адсутнасці рэальных зменаў у выніку рэвалюцыі. Ці адчуваюцца рэальныя змены зараз?

– На жаль, не. Год ужо мінуў, а сярод людзей расце новы скепсіс. Шмат кажацца пра «новы майдан», маўляў, салдаты вярнуцца з фронту і пойдуць на Кіеў скідаць уладу. З іншага боку кажуць, што варта пачакаць. Зацягнуць паясы. Але зацягнуць не на год, а на гадоў пяць. Патрэбныя рэформы, акурат імі можна падтрымаць той патрыятычны запал, які ўзнік на хвалі Рэвалюцыі Годнасці. Бо калі, напрыклад, салдаты ваююць, а пасля ім кажуць, што яны «не ваявалі» альбо «вы ніхто, вас там не было», дык хто захоча ісці на новую мабілізацыю?

Я акурат вяртаюся з Беларусі бліжэй 20 лютага, пайду на Майдан на «Веча». Хачу пачуць, што нам скажуць, бо я лічу, што там павінен быць і прэзідэнт, і іншыя першыя асобы краіны, каб справаздачыцца перад народам. Я разумею, што на час іх праўлення выпаў самы цяжкі перыяд за гады існавання незалежнай Украіны, але маюць быць змены – хоць на йоту! Карупцыя як была, так і засталася.

За расстрэл Майдану так ніхто і не пакараны. Люстрацыі не адбылося… Але нешта робіцца?

– Робіцца, але павольна. Напрыклад, ліквідуюць ДАІ, згодна грузінскаму досведу. Будзе замест яе патрульная паліцыя, куды не так лёгка трапіць. З’яўляецца надзея, што міліцыя – гэта будзе нейкая дапамога. Орган, куды можна звярнуцца. А не як раней, калі ты прыходзіш у міліцыю па дапамогу, а ў цябе найперш пытаюцца: «Дзе ты працуеш?»

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Ты паходзіш з Правабярэжнай, спяваеш і гаворыш па-ўкраінску. Ці ёсць рэальны канфлікт паміж украінамоўным Захадам і расейскамоўным Усходам?

– Раней, каб чалавеку паказаць сябе свядомым, трэба было даводзіць, што ты нацыяналіст. А зараз – дастаткова наўпрост быць украінцам. Дастаткова быць за Украіну. Вельмі шмат расейскамоўных за Украіну. Няма ў нас такога: калі гаворыш па-ўкраінску, то ты патрыёт, а як па-расейску, то не. Чалавек можа і па-ўкраінску размаўляць і не быць патрыётам.

Наколькі істотным фактарам стаў валанцёрскі рух зараз?

– Валанцёрскі рух на дапамогу войску зараз проста шалёны. Я ўпэўнены, што каб не валанцёры, то мы б не выстаялі, бо дзяржава надзвычай слабая. Бо пасля Майдану ніхто не ведаў, што і як рабіць, а тут раз – і Крым згубілі. Вайна пачалася… Я некалькі разоў прымаў удзел у канцэртах па зборы грошаў на АТО. Быў спачатку канцэрт на падтрымку палка, які пераехаў з Феадосіі ва Украіну, пасля анексіі. Зараз, як вярнуся, маю прыехаць таксама на дабрачынны канцэрт, бо запрашалі. Ёсць у планах праехаць трошкі па частках, паспяваць для хлопцаў.

Размовы пра «наступны майдан» маюць пад сабой падставы?

– Мы звыкліся жыць адным днём апошнім часам. Пражылі дзень – і дзякуй Богу. Ніхто нічога не ведае. У людзей дэпрэсія, шмат страху, неразумення – адсюль і размовы. Мая асабістая думка: мы зараз на «трэці майдан» з сотнямі тысяч людзей на вуліцах не маем права. Так мы толькі аслабім і без таго слабую краіну. Аслабіцца лінія фронту і вораг пойдзе далей. Пры гэтым грамадскія арганізацыі і палітычныя дзеячы маюць ціснуць на ўладу. Пасля Майдану яны маюць сілу і аўтарытэт. Бо, ясна, трэба зацягваць паясы, але крэдыты бяруцца і бяруцца. А пад што? Пад рэформы, а не пад тое, каб пенсіі сплочваць. І людзі пра гэта ведаюць!

То бок на чарговы майдан, ты б не пайшоў?

– Я не збіраўся і на гэты ісці (смяецца). Але пайшоў – калі ўбачыў, што гэта ўжо гайкі.

А кагосьці з палітыкаў падтрымліваеш?

– Я не ўлажу ў палітыку, ведаеш, я бачу па факце. Бачу рэакцыю людзей.

Шмат што неадназначна зараз у палітычным сектары. Адназначна тое, што ідзе вайна. Расея напала на Украіну. Смешна думаць, што ўсе гэтыя «грады» і «ураганы» сепаратысты набылі ў крамах. У мяне сябры зараз на фронце, яны распавядаюць, што вельмі шмат расейскіх палонных. Сепаратыстаў з самога Данбасу ўжо альбо пазабівалі, альбо паразбягаліся, ваююць расейцы збольшага.

Рабіць прагнозы зараз справа няўдзячная, але можа паспрабуеш?

– Я не магу нічога прагназаваць, нават сваё жыццё і дзейнасць. Прызначаныя, напрыклад, нейкія канцэрты, але вось адбудзецца чарговая трагедыя на ўсходзе, пасля дзень памяці… У нас за гэты год ужо столькі дзён памяці! Гэтыя знічкі ў кутках экрана на тэлеканалах толькі і гараць! Уключыў, гарыць. Значыць зноў нешта сталася… Як не Ілавайскі кацёл, дык расстрэл у Валнавасе. Пасля Дэбальцава… Кожны дзень нешта адбываецца.

Ці змянілася тваё стаўленне да расейцаў?

– Я шмат выступаў там апошнія два гады, яшчэ перад гэтымі падзеямі. І ў Пецярбурзе, і ў Маскве, і ў Варонежы, і ў Туле. У Старым Асколе – гэта каля мяжы акурат – людзі на канцэрт у вышыванках прыходзілі. Калі б не ўсё гэта, можна было б развіваць Расею ў плане канцэртаў. Але 14-ы год усё крута змяніў.

З кімсьці са знаёмых я проста перастаў камунікаваць. Нехта трымаецца пазіцыі: «А я нічога не ведаю, нічога не чуў». Зараз адна знаёмая з Піцера, даведаўшыся, што я ў Беларусі, запрашала да сябе. Але я лічу, што не маю маральнага права выступаць на тэрыторыі краіны-агрэсара.

Мяркую, што гэтая вайна сяброўства паміж украінцамі і расейцамі гадоў на 150 закансервуе. Вельмі цяжка будзе ўкраінцам прабачыць.

АК, Горадня

Стужка навінаў