Барацьбіт Саідаў прынёс Беларусі дзявяты медаль на Алімпіядзе-2016


Прадстаўнік Беларусі Ібрагім Саідаў прынёс Беларусі дзявяты медаль на Алімпіядзе-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра.

У двубоі за бронзу ў катэгорыі да 125 кг барацьбіт вольнага стылю Ібрагім Саідаў узяў верх над прадстаўніком Арменіі, 8-м нумарам сусветнага рэйтынгу Леванам Берыанідзэ (бронзавым медалістам ЧС-2010).

Пасля паспяховага старту ў 1/8 фіналу, дзе 31-гадовы ўраджэнец Дагестану Ібрагім Саідаў у катэгорыі да 125 кг упэўнена адолеў 9-ты нумар сусветнага рэйтынгу казахстанца Даўлета Шабанбая (7:0), у чвэрцьфінале ён датэрмінова саступіў двухразоваму чэмпіёну свету (2014, 2015) і трохразоваму чэмпіёну Еўропы (2012, 2013, 2014) турку Таху Акгюлю – 0:11.

Зрэшты, паколькі турак дабраўся да фіналу, Ібрагім Саідаў атрымаў магчымасць праз суцяшальны раўнд пазмагацца за бронзу. Першым яго апанентам стаў прадстаўнік Манголіі Чулуунбат Яргалшайхан. Саступаючы пасля першага перыяду (0: 1), Ібрагім Саідаў пераламаў ход паядынку і здабыў перамогу – 4: 1.

Восьмы медаль для Беларусі заваявала чацвёрка байдарачніц.

МЯ, паводле tut.by

Стужка навінаў