Баранавіцкі актывіст выпадкова даведаўся, што яго аштрафавалі «за лаянку»


Прафсаюзны актывіст з Баранавічаў Аляксандр Вайцешык з адказу Нясвіжскай пракуратуры даведаўся, што яго аштрафавалі на 3 базавыя велічыні яшчэ 12 студзеня 2015 года. Да паведамлення пракуратуры прафсаюзны актывіст аб рашэнні Нясвіжскага суда нічога не ведаў.

Напрыканцы 2014 года пасля таго, як Аляксандр Вайцешык папрасіў у Нясвіжскай кавярні выдаць яму кнігу скаргаў і прапаноў, супрацоўнікі РАУС абвінавацілі яго ў дробным хуліганстве, сцвярджаўшы, што ён нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы. Пазней суд па гэтай адміністрацыйнай справе быў перанесены з-за хваробы Аляксандра Вайцешыка. На днях прафсаюзны актывіст даведаўся, што судовае пасяджэнне ўсё ж адбылося без яго ўдзелу.

«Амаль тры дні я правёў у Нясвіжскім ізалятары часовага ўтрымання па ілжываму абвінавачанні. У камеры было вельмі холадна і я моцна захварэў. Менавіта па гэтай прычыне суд перанеслі на больш позні час. І вось толькі цяпер я даведаўся з ліста нясвіжскага пракурора, што мяне аштрафавалі на 3 базавыя велічыні яшчэ 12 студзеня», – паведаміў Аляксандр Вайцешык.

Прафсаюзны актывіст катэгарычна нязгодны з такім рашэннем і мае намер абскарджваць яго.

МЛ, паводле spring96.org

Глядзі таксама
Каментары