Барацьба з дармаедамі перакінулася на спартоўцаў?


Аляксандр Лукашэнка абяцае спыняць утрыманскія настроі ў беларускім спорце.

Змагацца з такімі настроямі будуць спыненнем дзяржпадтрымкі і спагнаннем усіх атрыманых сумаў, заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўнікамі Беларускай федэрацыі футбола і Беларускай федэрацыі хакея.

Цікава такія заявы гучаць у свеце апошніх планаў па барацьбе з дармаедамі. Але кіраўнік беларускай версіі міжнароднага праекта Tribuna.com Максім Беразінскі кажа, што гэта не новы трэнд – размовы пра мэтазгоднае выкарыстоўванне грошай у спорце вядуцца ўжо гадоў пяць.

«На сустрэчы размова была пра тое, як працуе ўказ па дзяржпатдтрымцы спорту. На маю думку, ён не працуе. Па ідэі ён мусіў спрыяць таму, каб клубы зараблялі, але рэальна так не адбываецца, і мы бачым па вялікім рахунку скарачэнні грошай на спорт. Пры гэтым скарачэнні – эканомія дзеля эканоміі, няма ніякай выразнай палітыкі, як мы будзем жыць далей, як трэба выбудоўваць падрыхтоўку футбалістаў, хакеістаў ды іншых спартоўцаў, каб мы значна не «скаціліся» у выніках», – распавядае belsat.eu Максім Беразінскі.

На думку Максіма Беразінскага, галоўная праблема беларускага спорту – адсутнасць аўдыторыі. Таму і «няма што манетызаваць». Эксперт лічыць, што сітуацыя ў беларускім спорце «тупіковая»: калі дзяржава скарачае грошы на спорт, у першую чаргу пакутуюць маркетынгавыя аддзелы клубаў. А таксама дзеці, прывязаныя да гэтых клубаў.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў