Банкноты з Пагоняю і таямніца прыгажуні на вадзяным знаку


Падчас прэзентацыі "Гісторыя грошай у Беларусі". Горадня 20 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў / Белсат

Мецэнат Павел Бераговіч упершыню публічна прэзентаваў у Горадні набытыя ім у Маскве пробныя беларускія банкноты пачатку 1990-х – з гербам Пагоня.

Прадмовай да дэманстрацыі купюраў сталася лекцыя пра гісторыю беларускіх грошаў за апошнія дзве тысячы год. Андрэй Карач, магістр гістарычных навук, гісторык і нумізмат, распавёў пра грошы на Беларусі, пачынаючы ад рымскіх дынарыяў ды кіеўскіх грыўняў ажно да падзелаў Рэчы Паспалітай.

Пасля слова ўзяў Павел Бераговіч, мецэнат шматлікіх літаратурных праектаў і стваральнік музею шляхецкай культуры ў Падароску, дзе зараз ідуць будаўнічыя працы.

Па беларускія грошы – у Маскву

Беларускія грошы з Пагоняю. Горадня 20 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Паводле Бераговіча, пробныя банкноты беларускага Нацбанку 1993 году яму ўдалося набыць у Маскве за 5000 долараў. Усяго банкнотаў шэсць, іх наміналы ад 1 да 100 рублёў.

Паводле дызайну яны кантрастна розняцца ад «зайчыкаў»: на чатырох купюрах змешчаныя партрэты нацыянальных дзеячаў (Скарына, Купала, Колас і Багдановіч), на двух – помнікі архітэктуры (Царка Святога Спаса ў Полацку ды Камянецкая вежа).

Адметна, што на новых беларускіх грошах Камянецкай вежа таксама ёсць, толькі ў 1993-м яе змясцілі на 1-рублёўцы, зараз – на 5-рублёўцы. То бок мінімальная пераемнасць усё ж такі прысутнічае.

«Доўгі час думаў, што купюры парэзалі і выкінулі… але ж не!»

Беларускія грошы з Пагоняю, купюра 50 руб.

Спачатку кошт быў нашмат вышэйшым. Зрэшты, ніякіх фіксаваных цэнаў на падобны тавар няма: паколькі банкноты не ўвайшлі ў абарот, а замест нумару стаяць нулі, наўпрост невядома, колькі падобных камплектаў у Беларусі і свеце наагул існуе. Таму і няма з чым параўноўваць: тавар унікальны.

«Калі ў мяне з’явіліся звесткі, што купюры выстаўленыя на продаж і іх можна набыць, я падумаў: «Чаму б і не?», – распавядае Бераговіч, – Я лічу, што калі гэтыя грошы існавалі, як артэфакт і як з’ява палітычнага і грамадскага жыцця, то яны маюць быць дасяжныя для грамадзянаў Беларусі. Нашы суайчыннікі маюць іх бачыць і ведаць пра іх. Доўгі час я думаў, што іх усе знішчылі, парэзалі і выкінулі, але апынулася, што не! Таму іх варта было вярнуць у Беларусь».

Таямнічая дзяўчына на вадзяным знаку

Падчас прэзентацыі “Гісторыя грошай на Беларусі”. Горадня 20 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

«Я вельмі ўдзячны «Цудоўні» за арганізацыю цэлай лекцыі па грашовай спадчыне Літвы-Беларусі, – працягвае Павел, – Мне здаецца, што менавіта ў такім кантэксце гэтыя пробныя купюры і варта прэзентаваць. Бо гэта не асобная маргінальная з’ява з пачатку 1990-х, але працяг доўгай гісторыі грашовага абароту, які існаваў на нашых землях і ў Горадні, як у частцы колішняга ВКЛ, у тым ліку».

Дарэчы, адной з неспадзяванак апынуўся вадзяны знак, які паўтараецца на ўсіх купюрах 1993 году. На ім – маладая дзяўчына ў вянку. Хто гэта? Апынулася, што з вялікай верагоднасцю гэта партрэт Паўліны Мядзёлкі ў ролі купалаўскай Паўлінкі. Магчыма, аўтар малюнкаў убачыў у ёй увасабленне Беларусі, таму і змясціў на ўсіх банкнотах, магчыма – так падкрэсліў сувязь з самім Купалам, змешчаным на 20-рублёўцы: Мядзёлка была ягонай каханкай…

Банкноты можна будзе ўбачыць у музеі шляхты ў Падароску

Паводле Бераговіча, купюры змесцяць у экспазіцыі музею шляхецкай культуры ў Падароску. У кантэкст «шляхецкасці» купюры не зусім упісваюцца, але паколькі незалежная дзяржава Беларусь – нашчадак і спадкаемца ВКЛ, то чаму б і не?Праз гісторыю грошаў гэтая сувязь акурат будзе адлюстраваная.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары