Банкі даюць спажывецкія крэдыты пад агромністы адсотак – да 84,9% гадавых


Пасля двухтыднёвай паўзы банкі зноў даюць грашовыя пазыкі сваім кліентам, але пад вельмі высокі адсотак.

У канцы мінулага года беларускія банкі сутыкнуліся з дэфіцытам грошай. Ён стаў вынікам праблемаў на валютным рынку і масавага адтоку дэпазітаў. У якасці абароны фінансавыя ўстановы падвысілі стаўкі па ўкладах і практычна цалкам адмовіліся ад крэдытавання насельніцтва. З такой рэкамендацыяй выступаў і Нацбанк. Пасля двухтыднёвай паўзы банкі зноў адважыліся даваць пазыкі сваім кліентам. Праўда, пад вельмі высокі адсотак, падае finance.tut.by.

Самыя дарагія крэдыты сёння прапануе «Банк ВТБ» (Беларусь) – пад 84,9% гадавых. Гэта ў два разы даражэй, чым да падзеяў 19 снежня 2014 г. На такіх умовах тут можна пазычыць да Br 150 млн. на тэрмін ад 13 месяцаў да 5 гадоў. Тэрмін разгляду заяўкі – 3 дні.

З 5 студзеня крэдытаванне аднавіў і «Банк Масква-Менск». Рашэнне аб выдачы грошай тут абяцаюць прыняць усяго за гадзіну. Да Br 50 млн. можна атрымаць на 2 гады пад 75% гадавых. Пры наяўнасці паручыцеляў банк гатовы пазычыць вялікую суму – ад Br 50 млн. да 300 млн. – на 3 гады пад 70% гадавых.

Пазыкі да Br 50 млн рублёў прапануе «Альфа-Банк». У залежнасці ад тэрміну крэдытавання працэнтная стаўка розная: на год – 65%, на два – 66%, на тры – 67% гадавых. Пераплаты можна скараціць на 3 адсоткавыя пункты. Але для гэтага трэба аформіць страхоўку, кошт якой складзе да 2% ад выдадзенай сумы. Таксама банк спаганяе з кліентаў камісію за «пакет паслуг»: пры суме да Br 35 млн.– 389 тыс. у месяц, больш – Br 609 тыс. рублёў.

«Трастбанк» прапануе кліентам крэдыт «Выгадны» пад 60% гадавых. Рашэнне аб выдачы грошай прыйдзецца чакаць да 15 дзён. Максімальная сума пазыкі – да Br 40 млн. Выплочваць доўг можна да 4 гадоў.

У «Парытэтбанку» можна на год аформіць «Выгадную карту» на Br 100 млн пад 40% гадавых. Плюс да гэтым прыйдзецца заплаціць 4,5% ад сумы за зняцце наяўных. Заяўкі на атрыманне пазыкі тут разглядаюць цягам месяца.

Столькі ж давядзецца чакаць рашэння аб выдачы пазыкі і ў «БПС-Ашчадбанку». Тут можна ўзяць да Br 60 млн на тэрмін да 5 гадоў. У залежнасці ад сумы і тэрміну выдачы крэдыту пераплата складзе ад 37 да 38,5% гадавых.

«БТА Банк» прапануе крэдыт да Br 50 млн. (да Br 150 млн. пад заклад аўтамабіля) на тэрмін ад 3 да 5 гадоў пад 39,9% гадавых. «Стаўка можа быць зменена банкам у аднабаковым парадку. Заяўкі разглядаюцца да двух тыдняў», – адразу папярэджваюць ва ўстанове.

МЯ, belsat.eu, паводле finance.tut.by

Стужка навінаў