Балтымар: маці пабіла свайго сына-пратэстоўцу


Падчас пратэстаў у Балтымары, штат Мэрылэнд, аднаго з удзельнікаў закалотаў пазнала маці ды адшлёпала яго.

Жанчына ўбачыла на тэлебачанні, як ейны сын у наўпроставым эфіры кідае ў паліцыянтаў камянямі. Відовішча з вуліцаў гораду моцна ўразіла законапаслухмяную амерыканку, і яна пайшла шукаць свайго сына.

На відэа бачна, як маці пераследуе 16-ці гадовага Майкла і патрабуе ад яго зняць маску, калі той спрабуе збегчы і схаваць свой твар.

Медыі ўжо паспелі знайсці Тоўэ Грэям, якая атрымала ад інтэрнэт-карыстальнікаў мянушку «Маці года».

«Гэта мой адзіны сын і напрыканцы дня я не хачу, каб ён стаў Фрэдзі Грэем», – сказала жанчына, спасылаючыся на афраамерыканца, з прычыны смерці якога ў сталіцы штату Мэрылэнд пачаліся пратэсты. Маці-адзіночка, якая выхоўвае шасцёх дзяцей, дадала, што на старонцы ейнага сына сталі з’яўляцца каментары падтрымання ў дачыненні ейных дзеянняў. Другі герой сюжэту, Майкл, сказаў сваёй маме: «Калі я ўбачыў цябе, ма, мой інстынкт быў бегчы».

З нагоды інцыдэнту выказаўся камісар паліцыі Э́нтані Бэтс: «Я б хацеў, каб сёння больш бацькоў узялі адказнасць за сваіх дзяцей».

Закалоты ў Балтымары пачаліся ў панядзелак, пасля пахавання Фрэдзі Грэя, які памёр 19 красавіка. Для аднаўлення парадку ўлады вымушаны былі ўвесці ў горадзе каменданцкую гадзіну і выкарыстаць сілы Нацыянальнай гвардыі.

Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў