Баксёр Уладзімір Клічко сыходзіць з вялікага спорту


Украінскі баксёр Уладзімір Клічко прыняў рашэнне завяршыць прафесійную карʼеру.

Пра гэта гаворыцца ў яго афіцыйнай заяве.

«Мне спатрэбілася некалькі тыдняў, каб прыняць гэта рашэнне, каб пераканацца, што прайшло досыць часу з бою на стадыёне Ўэмблі. Як прафесійны баксёр я дасягнуў усяго, пра што марыў, і зараз хачу пабудаваць сваю карʼеру па-за спортам», – гаворыцца ў заяве Клічко.

29 красавіка гэтага года 41-летні спартовец прайграў бой брытанцу Энтані Джошуа на стадыёне Ўэмблі.

Клічко павінен быў сустрэцца з ім яшчэ раз у лістападзе, аднак вырашыў адмовіцца ад рэваншу. Бой павінен быў адбыцца ў Лас-Вегасе.

Клічко прыйшоў у прафесійны бокс пасля перамогі на Алімпіядзе 1996 года. Ён – неаднаразовы чэмпіён свету ў цяжкой вазе па версіях WBOWBA і IBF. Свой першы тытул падобнага ўзроўню Клічко заваяваў яшчэ ў 2000 годзе.

За прафесійную карʼеру Клічко агулам правёў 69 баёў, з якіх выйграў 64 (у тым ліку 54 – накаўтам), а паразы цярпеў усяго пяць разоў.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў